Алімпіяда пачалася скандаламі


Скандальныя выпадкі напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Лондане ўзрушылі ўвесь свет.

Сёння ў Лондане распачынаецца ХХХ Алімпіяда – юбілейная. Важная падзея, як выявілася, закранула і палітыку, а таксама падагрэла міжнародную атмасферу напярэдадні спаборніцтваў.

Палітыка і спорт – неаддзельныя

Кандыдат на прэзідэнта ЗША ад рэспубліканскай партыі Міт Ромні выказаў напярэдадні сумнеў у гатоўнасці брытанскай сталіцы прыняць Алімпіяду. Брытанскі міністр культуры і спорту Джэрэмі Гант адказаў, што больш давярае словам Жака Рохэ – прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэту, які дазволіў адкрыць Алімпійскія гульні.

У стартавым матчы футбольнага турніру сярод жаночых камандаў, у якім брала ўдзел зборная КНДР, на табло стадыёну побач з партрэтамі паўночнакарэйскіх спартовак быў паказаны сцяг Паўднёвай Карэі. Абураныя футбалісткі адмовіліся гуляць і сышлі з поля. Пазней іх пераканалі вярнуцца. Са злосці дзяўчаты выгулялі матч з Калумбіяй – 2:0.

На адной з цэнтральных лонданскіх вуліцаў з экспазіцыі быў зняты нацыянальны сцяг Тайваню, каб не выклікаць незадаволенасці Кітаю, які не прызнае тайваньскай незалежнасці. Прадстаўнікі Тайваню ў Вялікай Брытаніі абвінавацілі брытанскі бок у цэнзуры, заявіўшы, што не спадзяваліся на такое ў дэмакратычнай краіне.

Грэцкая лёгкаатлетка Параскеві Папахрысту не была дапушчаная да Алімпіяды праз расісцкія выказванні. Яна няўдала пажартавала ў сваім “Тўітэры” на тэму нелегальнай іміграцыі ў Еўропе. Паводле яе, у Грэцыі цяпер так шмат выхадцаў з Афрыкі, што “камары з Заходняга Нілу прынамсі змогуць есці хатнюю ежу”.

Былі дапушчаныя таксама істотныя памылкі ў біяграфіі расейцаў, што прыехалі пазмагацца за алімпійскія медалі. Некаторыя ўкраінскія, грузінскія, беларускія і казахскія гарады памылкова аднеслі да Расеі. Грузія і Украіна ўжо выказалі абурэнне з гэтай нагоды. Чарга за Беларуссю і Казахстанам?

Дрэнная слава апошняга дыктатара Еўропы схіліла арганізатараў гульняў не пускаць да сябе Аляксандра Лукашэнку. Як кіраўніка дзяржавы яго і так запрашаць не збіраліся, але лідар Беларусі адначасова займае пасаду старшыні Нацыянальнага Алімпійскага камітэту нашай краіны. Каб засцерагчыся ад візіту нежаданага госця, яму проста не далі акрэдытацыі. Была гаворка, што беларускія спартоўцы з салідарнасці таксама пакінуць Лондан, але спартовы азарт і цяга да медалёў перамаглі – спартоўцы з Беларусі засталіся ў Лондане.

Адмысловы флэш-моб званоў

Тысячы вялікіх і малых званоў прагучалі па ўсёй Вялікабрытаніі перад адкрыццём Алімпійскіх гульняў. Гаспадары Алімпіяды арганізавалі перазвон па ўсёй краіне. Гэтак яны віталі Алімпіяду.

Гучалі не толькі званы на царкоўных вежах. Людзям прапаноўвалася званіць у любы званок – на ровары, пры дзвярах ці нават проста патэлефанаваць на мабільны. Шумець пачалі ва Уэльсе, і адтуль гул разышоўся на захад і поўдзень краіны.

Адзін з самых вялікіх званоў – Біг Бэн, што ўсталяваны на будынку англійскага парламенту, таксама падаў голас, далучыўшыся да агульнага флэш-мобу. На гэта была атрыманая адмысловая згода парламенту. Апошні раз Біг Бэн гучаў на пахаванні караля Георга VI у 1952 г.

Звон біў нават у брытанскім пасольстве ў Пекіне – ён адліты ў 1897 г. з нагоды дыяментавага юбілею каралевы Вікторыі.

У Бруселі пасол Вялікай Брытаніі званочкам распачаў гандлёвы дзень Бельгійскай фондавай біржы.

Феерыю перазвону распрацаваў мастак Марцін Крыд для 12-тыднёвай праграмы культурных імпрэзаў, прысвечаных мастацтву і спорту.

belsat.eu

Стужка навінаў