Жонка Каваленкі: На Сяргея ціснулі, каб ён папрасіў аб вызваленні


Сяргей Каваленка ў чэрвені напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі пад ціскам адміністрацыі папраўчай установы. Пра гэта паведаміла ягоная жонка Алена Каваленка, якая выйшла з калоніі пасля трохдзённага спаткання з мужам.

«Яму абяцалі, што да 3 ліпеня будзе са сваёй сям’ёю. Ён напісаў на імя прэзідэнта паўтара радка: «Прашу вас мяне памілаваць», – паведаміла жонка палітвязня.{movie}Алена Каваленка: Начальнік атрада ставіцца да мужа перадузята|right|5544{/movie}

Паводле яе, найбольш моцны ціск на Сяргея аказваўся з боку адміністрацыі калоніі, калі ён быў у карцары за чарговае парушэнне рэжыму. «Там былі вельмі дрэнныя ўмовы: дах працякаў, акно было пабітае, і калі быў дождж, то зацякала вада. За ноч трэба было 5–6 разоў падымацца і рабіць фізічныя практыкаванні, каб не змерзнуць. Менавіта ў гэты час да яго прыходзілі па некалькі разоў на дзень і патрабавалі, каб ён напісаў пакаянне, што ён здзейсніў хуліганскі ўчынак, а не палітычную акцыю, як гэта было насамрэч», – распавяла Алена Каваленка.

Калі Сяргей Каваленка ўсё ж такі выйдзе з месцаў зняволення, Алена не ведае. «У яго шэсць парушэнняў за гэты час. Яны рабілі ўсё, каб ён не трапіў пад амністыю з-за статусу злоснага парушальніка», – адзначыла яна.

Тым не менш, Алена Каваленка спадзяецца на хуткую сустрэчу з мужам: «Ён патрэбны нам на волі. Я думаю, не толькі нам, але і грамадству». Паводле жанчыны, Сяргей ад сваіх перакананняў не адмаўляецца і пра свае ўчынкі не шкадуе.

belsat.eu

Стужка навінаў