Апошняе меню: што замаўляюць асуджаныя перад смерцю


Стэйк, марозіва і яблычны пірог – гэтыя стравы найчасцей аказваюцца ў апошніх меню вядомых злачынцаў, асуджаных на смерць у ЗША.

33-гадовы мастак з Брукліну Гэнры Гаргрыўз зрабіў серыю з дзесяці фотаздымкаў, большасць з якіх паўсталі ў яго дома. У якасці герояў праекту ён абраў злачынцаў, апошняе жаданне якіх, паводле яго, магло быць цікавым.

Пірог для забойцы

Караць смерцю дазваляе заканадаўства ў 33 з 50 амерыканскіх штатаў. Гаргрыўз кажа, што зацікавіўся тэмаю, калі летась у Тэхасе забаранілі традыцыю складаць меню для апошняга прыёму ежы на жаданне пакаранага. Ён кажа, што цягам адной секунды замест сухой статыстыкі перад ім паўсталі людзі.

Учора Гаргрыўз працаваў над апошнім фотаздымкам серыі. На ім ён аднавіў перадсмяротнае меню Тэрысы Льюіс. У 2010 г. яна стала першаю жанчынаю ў Вірджыніі, якую пакаралі ін’екцыяй – за забойства мужа і пасынка. Яна папрасіла прынесці смажаную курку, вараны гарох і тыпова амерыканскі яблычны пірог.

Перад расстрэлам – кінапрагляд: “Уладар пярсцёнкаў”

Роні Лі Гарднэра пакаралі расстрэлам у 2010 г. у Юце. У 1984-м ён забіў чалавека падчас разбойнага крадзяжу ў Солт-Лэйк Сіці. А праз паўгода, спрабуючы збегчы па дарозе ў суд, застрэліў свайго адваката. На апошні абед ён замовіў не толькі ежу (амар, стэйк, ванільнае марозіва і яблычны пірог), але і фільм – “Уладар пярсцёнкаў”.

Анхэль Ньевэс Дыяс, які ў 2006 г. атрымаў смяротную ін’екцыю за забойства менеджара стрып-клубу ў 1979-м, кулінарных пажаданняў не меў. Такое ж пакаранне чакала ў 2001 г. Тымаці МакВэя (Індыяна). Арганізатар выбухаў у Аклахоме задаволіўся марозівам з кавалачкамі мятнага шакаладу.

Апошні абед серыйнага гвалтаўніка, забойцы і некрафіла Тэда Бандзі, які ў 1989 г. трапіў на электрычнае крэсла ў Фларыдзе, складаўся са стэйку, яек, дранікаў і кавы.

Паводле Гэнры Гаргрыўза, мэта ягонага праекту – не выклікаць сімпатыю да злачынцаў, а распачаць дыскусію або хаця б прымусіць людзей задумацца пра смяротную кару. Фотаздымкі можна будзе пабачыць у верасні ў мастацкай галерэі “Herter Art Gallery” Масачусэцкага ўніверсітэту ў Эмгэрсце.

belsat.eu

Стужка навінаў