Дзве анкалагічныя хваробы і гепатыт – не падстава для шпіталізацыі


https://youtu.be/_BJB6VvTd_Y
Актывістка антыядравай кампаніі Таццяна Новікава 23 ліпеня выйшла з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў “Акрэсціна” пасля пяцідзённага арышту.

“Камеры перапоўненыя. Людзі сядзяць разам з алкаголікамі, валацугамі, якія ходзяць пад сябе. Я прасіла дактароў выклікаць “хуткую”, аднак мне адказалі, што ўсё, на што я пакутую – а гэта два анкалагічныя захворванні ды гепатыт, які ў мяне быў у стадыі абвастрэння, – не ёсць паказаннямі для шпіталізацыі. Тым не менш лекі мне перадалі. Тры дні я правяла на дошках без спальніка ў халоднай камеры, дзе было вільготна”, – распавяла Новікава.

Яна выказала падзяку актывістцы моладзевай арганізацыі “Малады фронт” (Чэхія) Кацярыне Галіцкай, якая падзялілася з ёю сваім спальным мяшком.

Затрымалі па дарозе ў амбасаду Расеі

“Затрыманне актывістаў антыядравай кампаніі кажа пра сур’ёзнасць парушэнняў пры будаўніцтве АЭС, пра якія мы казалі ў сваім лісце, а менавіта пра тое, што катлаван для АЭС будуецца без праекту”, – заявіла Новікава і дадала, што і далей будзе змагацца супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі, аднак якімі метадамі – яшчэ не вырашыла.

Таццяна Новікава ўжо абскардзіла рашэнне суда. Яе затрымалі 18 ліпеня разам з грамадзянінам Расеі Андрэем Ажароўскім. Яны збіраліся перадаць у амбасаду Расеі адкрыты зварот супраць падпісання генеральнага кантракту на будаўніцтва АЭС. Акцыя была прымеркаваная да візіту ў Менск прэм’ер-міністра Расеі Дзмітрыя Мядзведзева.

“Мяне судзілі без адваката, без сведак, прысутнічалі на працэсе толькі суддзя і канваір. Увесь суд доўжыўся адну хвіліну. Я прасіла ў сувязі з дрэнным станам здароўя выклікаць мне “хуткую дапамогу”, аднак замест гэтага суддзя адразу ж зачытаў мне рашэнне пра адміністратыўны арышт”, – распавяла актывістка кампаніі.

Што было напісана ў звароце?

У ім, сярод іншага, гаворыцца: “Мы паслядоўна выступаем за захаванне Беларуссю бяз’ядравага статусу, супраць рашэння аб будаўніцтве беларускай АЭС, прынятага аўтарытарна, без уліку меркавання грамадскасці ды экспертаў”.

На меркаванне актывістаў антыядравай кампаніі, “беларуская АЭС, як і любая іншая, нясе небяспеку цяперашнім і будучым пакаленням: няма 100 % гарантыі таго, што катастрофа, падобная да Чарнобылю і Фукусімы, не паўторыцца, штатныя выкіды радыенуклідаў будуць прыводзіць да росту анкалагічных захворванняў у раёне размяшчэння АЭС, у прынцыпе не вырашаная праблема радыеактыўных адкідаў і адпрацаванага ядравага паліва, якія будуць небяспечныя на працягу соцень і тысячаў гадоў”.

Акрамя таго, адзначаецца ў звароце, “праект не абгрунтаваны эканамічна, яго рэалізацыя знізіць энергетычную бяспеку і павысіць залежнасць краіны ад замежных энерганосьбітаў і тэхналогіяў”.

“Мы неаднаразова інфармавалі вас пра тыя парушэнні, якія адбываюцца пры рэалізацыі праекту беларускай АЭС, а менавіта – парушэнні нацыянальнага заканадаўства і міжнародных абавязкаў Беларусі па канвенцыях АЭК ААН Оргускай і Эспа, а таксама тэхнічных нормаў”, – гаворыцца ў звароце.

Яго аўтары прыводзяць шэраг фактаў, якія пацвярджаюць парушэнні пры будаўніцтве АЭС.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары