Без права голасу?


Праваабаронца Валер Шчукін ды іншыя выбарцы, што не маюць рэгістрацыі, не змогуць прагаласаваць на выбарах. Хоць і ўскоснае, але абмежаванне ўвёў Цэнтрвыбаркам праз рэкамендацыі ў сваім дапаможніку для чальцоў участковых камісіяў. Тыя, хто не зможа падаць камісіі дакумент аб часовай або сталай рэгістрацыі, не атрымаюць бюлетэня.

Пункт, які дыскрымінуе бомжаў

Праваабаронца Валер Шчукін дэталёва вывучыў дапаможнік Цэнтрвыбаркаму для чальцоў участковых камісіяў. На 16-й старонцы дакументу гаворыцца:

“Калі грамадзянін падаў ва ўчастковую камісію пашпарт грамадзяніна РБ і дакумент, што пацвярджае сталае або часовае пражыванне на тэрыторыі гэтага ўчастку (пасведчанне аб рэгістрацыі, дамова арэнды, найму ды інш.), то ён уключаецца ў спіс для галасавання. Пры адсутнасці гэтых дакументаў камісія не мае права на ўключэнне грамадзяніна ў спіс выбарцаў і для выдачы яму бюлетэня для галасавання”.

Валер Шчукіна назваў такую практыку ЦВК дыскрымінацыйнаю для асобаў без сталага месца жыхарства і накіраваў Лідзіі Ярмошынай патрабаванне выправіць сітуацыю. Рэч у тым, што, паводле Канстытуцыі, бяздомнікі – таксама выбарцы, і яны маюць права галасаваць. Грамадзяне, якія пазбаўленыя права галасаваць, пералічаныя ў арт. 64 Канстытуцыі, і спіс гэты закрыты. Аднак ЦВК у сваім дапаможніку гэты спіс пашырае, пазбаўляючы асобаў без сталага месца жыхарства права галасаваць.

Адказ з ЦВК – адмоўныВалер Шчукін змагаецца за права голасу. Фота bymedia.netВалер Шчукін змагаецца за права голасу. Фота bymedia.net

Валер Шчукін праз жыццёвыя абставіны – юрыдычна бяздомнік. Ён не мае дакумента пра сталую або часовую рэгістрацыю. Аднак ён жадае рэалізаваць свае выбарчае права.

Лідзія Ярмошына на скаргу Валера Шчукіна дала бюракратычны адказ, дзе раіць атрымаць часовую рэгістрацыю ў мясцовым пункце рэгістрацыі асобаў без месца жыхарства.

“Грамадзяне са статусам бяздомнікаў рэгіструюцца паводле месца перабывання і могуць быць уключаныя ў спісы выбарцаў на агульных асновах”, – гаворыцца ў адказе.

Такім чынам, бяздомнік, калі хоча прагаласаваць, нават пры наяўнасці пашпарта вымушаны будзе дастаць дакумент аб рэгістрацыі, аформіўшыся ў пункце часовай рэгістрацыі бяздомнікаў. Аднак не ўсё так проста. Для рэгістрацыі ў такім пункце трэба адпавядаць пэўным умовам – да прыкладу, не мець нерухомай маёмасці.

Я не стаўлю пытанне, дзе мне ночыць. Пытанне ў тым, каб мне далі магчымасць галасаваць. Паводле Канстытуцыі я маю такое права, таму ЦВК мусіць растлумачыць, як такія людзі, як я, што не маюць рэгістрацыі, могуць гэтае права зрэалізаваць”, – кажа Валер Шчукін.

Як распавядае праваабаронца, ён прайшоў усе інстанцыі, нават суд, каб атрымаць рэгістрацыю ў кватэры дачкі. Аднак афіцыйныя асобы адмаўляюць – са словаў спадара Шчукіна, з палітычных прычынаў.

Афіцыйна

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, у Беларусі пражывае трохі больш за паўтысячы бяздомнікаў. Каб ацаніць рэальныя маштабы, адмыслоўцы раяць памнажаць гэтую лічбу ў 10–15 разоў.

belsat.eu

Стужка навінаў