У Менск едзе БДІПЧ АБСЕ


У склад місіі ўваходзяць эксперты, якія вырашаць, колькі назіральнікаў накіроўваць на выбары, паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркаму.

Ацэначная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЕ ў назіранні за выбарамі наведае Беларусь з 16 да 18 ліпеня. “Сёння ў абед місія прыбывае ў Менск, увечары ў мяне запланаваная з імі сустрэча”, – сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Канчатковае рашэнне пра колькасць назіральнікаў прыме кіраўніцтва АБСЕ.

На пасяджэнні Цэнтрвыбаркаму 19 чэрвеня Ярмошына папракнула АБСЕ тым, што выніковыя справаздачы ў назіранні за выбарамі “пішуцца не самімі назіральнікамі, а чыноўнікамі, якія ажыццяўляюць гэтыя функцыі ў кабінетах”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік на прэс-канферэнцыі 11 ліпеня заявіў: “Можаце мяне запісаць у апазіцыянеры, але я ўнутрана не згодны з запрашэннем місіі назіральнікаў ад АБСЕ”. Ён абвінаваціў іх у неаб’ектыўнасці – сярод іншага пры ацэньванні мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Маўляў, у папярэдняй справаздачы было напісана, што працэс галасавання праходзіць добра, а пасля падзеяў Плошчы пакінулі адныя негатыўныя моманты.

Каментуючы гэтыя папрокі, прадстаўнік БДІПЧ АБСЕ Томас Раймэр адзначыў, што арганізацыя ва ўсіх краінах выкарыстоўвае аднолькавую метадалогію.

Парламенцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 23 верасня.

belsat.eu

Стужка навінаў