Пачынаецца вылучэнне кандыдатаў у парламент


Вылучаць кандыдатаў могуць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў да 13 жніўня ўключна. Збіраць подпісы можна ў форме пікетаў, на правядзенне якіх не патрабуецца дазвол уладаў.

Выканкамы ўжо вызначылі месцы, дзе нельга праводзіць пікеты для збору подпісаў. У Менску гэта аб’екты метрапалітэну (за выключэннем тэрыторыяў падземных пешаходных пераходаў), чыгуначнага і паветранага транспарту; тэрыторыі шэрагу плошчаў сталіцы – Кастрычніцкай, Незалежнасці, Перамогі, Прывакзальнай, а таксама іншыя месцы побач з органамі дзяржаўнага кіравання, дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі і консульскімі ўстановамі, судамі, органамі пракуратуры, тэрыторыямі арганізацыяў, якія забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва.

Пра палітычныя партыі ніхто не ведае?

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік лічыць не вельмі эфектыўным збор подпісаў на вуліцах, бо мала хто носіць з сабою пашпарт. У той жа час ён параіў прадстаўнікам палітычных партыяў вылучацца менавіта праз збор подпісаў, бо, адзначыў Лазавік, людзі замала ведаюць пра партыйныя структуры.

Некалькі апазіцыйных партыяў ужо прынялі рашэнне правесці з’езды, на якіх будуць вылучаныя кандыдаты ў дэпутаты. Напрыклад, Аб’яднаная грамадзянская партыя правядзе з’езд 28 ліпеня, Партыя БНФ – 4 жніўня.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты працягнецца з 14 да 23 жніўня, выбары ж у Палату прадстаўнікоў адбудуцца 23 верасня.

belsat.eu

Стужка навінаў