Украіна: колькі прыхільнікаў у расейскай мовы?


Закон пра рэгіянальныя мовы падзяліў украінскае грамадства.

Законапраект “Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі” Вярхоўная Рада прыняла ў аўторак, 3 ліпеня. Ён пашырыць ужыванне рэгіянальных моваў у адукацыі ды дзяржаўнай адміністрацыі на тэрыторыях, дзе жывуць не менш за 10 % іх носьбітаў.

Украінскія патрыёты панічна баяцца прымусовай русіфікацыі, бо расейская мова, згодна з новым законам, павялічыць свой уплыў і значэнне.

За і супраць

Прыхільнікі законапраекту, падрыхтаванага сябрамі праўладнай Партыі рэгіёнаў, сцвярджаюць, што павышэнне статусу расейскай мовы палегчыць жыццё часткі насельніцтва Украіны і дазволіць дзецям атрымліваць адукацыю на роднай мове.

Праціўнікі лічаць выкарыстанне толькі ўкраінскай мовы прыкметаю адзінства нацыі ды магутным сімвалам суверэнітэту. Яны ўпэўненыя, што расейская мова ва Украіне будзе трымаць дзяржаву ў сферы ўплыву Масквы і перашкодзіць умацаванню нацыянальнай ідэнтычнасці ўкраінцаў.

Некаторыя ўкраінцы даводзяць, што моўны закон не патрэбны, бо на ўсходзе і поўдні Украіны і так пераважае расейская мова, а ў бібліятэках і шапіках з прэсаю дамінуе толькі расейскамоўная літаратура. Украінская мова ў Данецку, напрыклад, выкарыстоўваецца адно ў дзяржаўных дакументах і ва ўстановах культуры. У сваю чаргу расейскамоўныя ўкраінцы заяўляюць, што моўны закон абароніць іх ад нападак мясцовых нацыяналістаў.

Палітычная гульня

Моўны закон разглядаецца шмат кім як “палітычная гульня” і спроба адцягнуць увагу грамадскасці ад эканамічных праблемаў ва Украіне перад парламенцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца ў кастрычніку. Выглядае, што гэта таксама спроба здабыць прыхільнасць Пуціна, які 13 ліпеня гасцяваў ва Украіне і дамаўляўся наконт экспарту расейскага газу.

Эксперты падкрэсліваюць, што моўны законапраект можа змабілізаваць украінцаў супраць кіроўнай Партыі рэгіёнаў.

Адзін народ. А колькі моваў?

Шмат якія ўкраінцы прытрымліваюцца прынцыпу “Адзін народ – адна мова” і лічаць, што закон можа мець негатыўныя наступствы. Шмат хто прадказвае раскол краю на дзве часткі.

Паводле звестак сацыялагічнага Цэнтру Разумкова, насельніцтва Украіны падзеленае ў гэтым пытанні прыкладна напалам. У прыватнасці, 43,6 % лічаць, што толькі ўкраінская мова мусіць быць дзяржаўнаю, 25 % падтрымліваюць ідэю надання расейскай мове афіцыйнага статусу ў некаторых рэгіёнах, і 23,9 % выказваюцца за тое, каб расейская была другою дзяржаўнаю моваю.

Законапраект пакуль застаецца ў падвешаным стане, бо спікер Вярхоўнай Рады Уладзімір Літвін адмовіўся падпісаць яго, заявіўшы пра сваю адстаўку, якой украінскі парламент, аднак, не прыняў.

belsat.eu

Стужка навінаў