Першы кандыдат ад сацыяльных сетак з’явіцца ў Гомлі


Сваю каманду гомелец Ігар Случак набраў праз сацыяльную сетку vk.com. Там жа інтэрнаўты праз галасаванне вырашылі, па якой акрузе Случаку лепш балатавацца. Сёння кандыдат ад сацыяльных сетак пойдзе ў акруговую камісію, каб зрабіць работу над памылкамі ў дакументах на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, якія падаў учора.

Не са столі — з «Кантакту»

Ігар Случак як прэтэндэнт на дэпутацтва ўзяўся не са столі. Малады чалавек каторы год прымушае чыноўнікаў гаварыць і пісаць на роднай мове – кіруе кампаніяй «Справаводства па-беларуску». У групе з такой жа назваю ў сацыяльнай сетцы vk.com Ігар дзяліўся навінамі, пакуль аднойчы не даў абвестку.

«Я напісаў штосьці кшталту таго: пакажыце, што сацсеткі – таксама сіла. Агулам набралася каля 30 ахвотных быць у маёй камандзе, але я адабраў толькі 14. Гэта надзейныя і цікавыя людзі з усёй Беларусі. Музыкі, гісторыкі, журналісты. Пасля стала 15 чалавек. Я далучыў сваю маці, яна будзе кіраўніцаю ініцыятыўнай групы», – дзеліцца сваімі тэхналогіямі Ігар Случак.Геаграфія перадвыбарчай каманды кандыдата ад сацыяльных сетакГеаграфія перадвыбарчай каманды кандыдата ад сацыяльных сетак

На гэтай мапе колерам адзначаныя вобласці, у якіх жывуць людзі, што ўвайшлі ў каманду Случака праз «УКантакце». Будучы кандыдат зазначае, што сярэдні ўзрост ягонай групы – 27 гадоў. І ён мяркуе, што ягоныя выбарцы будуць прыкладна такога ж веку.

Віртуальнае рэальнае

Праз галасаванне ў інтэрнэце людзі таксама вырашалі, па якой акрузе вылучыць свайго прадстаўніка. Большасць галасоў была за Гомель – Савецкую акругу № 34 (31 %).

«Думаю, упершыню ў гісторыі праз апытанку «УКантакце» людзі вырашылі, па якой акрузе прэтэндэнту вылучацца ў кандыдаты. А калі вырашылі – трэба падпарадкавацца», – кажа Ігар.

Зусім незалежныАпытанне ў vk.comАпытанне ў vk.com

Нядаўняе даследаванне грамадскай думкі паказвае, што беларускае грамадства падзялілася на тры роўныя часткі. Пры адказе на пытанне, за каго будзе галасаваць, траціна вітае прыхільнікаў Лукашэнкі, другая частка – апазіцыю, а трэцяя хоча «свежай крыві», незалежнага кандыдата. Мы нядаўна публікавалі прыкладны партрэт гэтай трэцяй сілы, якую ў вочы яшчэ ніхто не бачыў. І трэба зазначыць, што Случак пасуе паводле шмат якіх крытэрыяў. І галоўнае – ён не збіраецца здымацца перад галасаваннем.

Настроі грамадства, як паказваюць незалежныя даследаванні, не зусім супадаюць з вынікамі апытанняў у сацыяльных сетках. Вынік апошніх не суцяшальны: большая частка моладзі пакуль не бачыць альтэрнатывы пралукашэнкаўскім кандыдатам і мяркуе галасаваць супраць усіх.

Случак жа са сваёй ідэяй прасоўваць праз парламент нацыянальную свядомасць і каштоўнасці пакуль займае нестабільнае другое месца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары