Беларусы і выбары: траціна хоча «свежай крыві»


Адныя хочуць галасаваць за сімпатычную жанчыну, іншых вабіць беларускамоўны мужчына, які выступае за “легалайз”. Беларусы гатовыя аддаць голас каму заўгодна, абы не апазіцыі ды ўладзе. “Белсат” спрабуе разабрацца: які ён, ідэальны кандыдат?



Кандыдат маёй мары

Чэрвеньскае апытанне грамадскай думкі паказвае, што беларусы ўсё менш давяраюць як прыхільнікам Лукашэнкі, так і ягоным апанентам.

Траціна беларусаў хацела б прагаласаваць на вераснёўскіх выбарах у парламент за трэцюю сілу. Ці з’явілася такая ў Беларусі – пытанне яшчэ тое. Але ў любым выпадку людзі змогуць пазнаць яе прадстаўніка паводле пэўных прыкметаў. Служба інфармацыі “Белсату” сабрала прыкметы ідэальнага кандыдата.



Адукаваны, сямейны, жанчына

Сяргей Марцэлеў – былы кіраўнік перадвыбарчага штабу кандыдата на прэзідэнта Мікалая Статкевіча. Спадар Марцэлеў аддае перавагу кандыдатам, якія прынцыпова не паляць, бо ў краіне і так зашмат залежных ад нікатыну людзей. “Мужчына з вышэйшаю адукацыяй, пасля сарака, прадпрымальнік, праваслаўны, сямейны, з досведам кіравання, беспартыйны, актыўны карыстальнік інтэрнэту, пажадана мець інтэлектуальнае хобі”, – такім уяўляе спадар Марцэлеў ідэальнага кандыдата.

Лана Руднік, трэнер-кансультант у сферы арганізацыйнага развіцця, выступае за жанчын. На ейны густ, ідэальным кандыдатам была б “жанчына з вышэйшаю адукацыяй, якая мае сям’ю, дзяцей. Вядзе здаровы лад жыцця (пажадана), размаўляе па-беларуску. Прывабная (каб за дзяржаву не крыўдна было). Моцная інтэлектуальна. Мае досвед працы ў адміністраванні (напрыклад, нейкага бізнесу). Веравызнанне значэння не мае”.

Для праваабаронцы Таццяны Равякі важна, каб чалавек добра валодаў дзвюма дзяржаўнымі мовамі і, па магчымасці, – англійскай. Ён мусіць абавязкова ўмець выступаць на публіцы: “Каб у чалавека не толькі была пазіцыя, але і досвед давядзення яе да мэтавай групы”.

“Я б не шукала красуняў ці прыгажуноў, а арыентавалася б на абаянне, якое ці ёсць, ці яго няма. Сям’я і дзеці – добрая рыса ў біяграфіі, але не вызначальная; часам свабодны палітык больш прывабны для электарату, чым жанаты ці замужняя”, – мяркуе яна.

Легалайз, ровар і “Фэйсбук”

Моладзь прывабіў бы кандыдат, блізкі да іх у занятках і светапоглядзе. Гэтак, журналістка з Берасця Аксана Бровач галасавала б за “мужчыну гадоў трыццаці, каб ездзіў на ровары, быў актыўны ў сацыяльных сетках, каб працаваў на развіццё турызму. Пажадана, каб ён вывеў з андэрграўнду культурную супольнасць. Абавязкова, каб быў прыхільнікам Еўразвязу. Я дакладна прагаласую за чалавека, які хаця б зробіць намёк на легалайз”.

Праграміст Аляксандр Саракалетаў не робіць розніцы паміж мужчынамі ды жанчынамі. Для яго важна, каб кандыдат паспеў паездзіць па шмат якіх краінах не толькі як турыст. Ён мусіць мець сям’ю і пачуццё гумару, ведаць беларускую мову. Добра, каб ён меў каманду, якая згодная яму дапамагаць рэфармаваць тое, што трэба.

Вяртанне на зямлю

Палова беларусаў лічыць, што вераснёўскія выбары будуць суцэльнаю імітацыяй барацьбы, што ўсё даўно ўжо вызначана і ад голасу народу нічога не залежыць. Можа, таму палова выбарцаў або не пойдзе на галасаванне, або вагаецца, ці варта туды ісці.





Класкоўскі: Наіўна чакаць трэціх

Палітолага Аляксандра Класкоўскага цікавіць беларускі феномен – калі людзі не вераць ні адным, ні другім.

“Людзі стомленыя пустымі дэкларацыямі ўладаў пра сацыяльную дзяржаву і клопат. Разам з тым апазіцыя страціла фактычна маральны аўтарытэт: васямнаццаць гадоў у андэрграўндзе, з паразамі. І яе лозунгі таксама дэвальваваліся. Новых канструктыўных ідэяў няма, а ідэя байкоту, як паказвае сацыялогія, не папулярная”, – кажа спадар Класкоўскі.

Жаданне галасаваць за трэцюю сілу – крышку наіўнае. Палітолаг кажа, што пры гэтых умовах пазіцыянаваць сябе ні з тымі, ні з другімі, не атрымаецца. Ды прыводзіць прыклады Някляева і Міхалевіча. Яны у 2010-м пазіцыянавалі сябе як незалежныя кандыдаты, але ім не ўдалося пазбегнуць СІЗА КДБ. У Беларусі палітыка палярызаваная – або ты за Лукашэнку, або ты супраць.



Выбар палітолага

На выбарах спадар Класкоўскі плануе галасаваць усё ж такі за апазіцыйнага кандыдата.

“Я выбіраў бы выразную апазіцыйную праграму. Я разумею, што сапраўды патрэбныя ў краіне кардынальныя перамены. Гэта мусіць быць не радыкал, ён мусіць бачыцьён мусіць бачыць рэальныя шляхі выпраўлення сітуацыі, а не крычаць на кожным кроку “далоў злачынны рэжым”. Гэта кандыдат з галавой, рэалістычным поглядам на жыццё і апанент Лукашэнку”.

Такія людзі ў апазіцыі ёсць, апэўнены палітолаг: “Мноства разумных светлых галоваў, у якіх ёсць ідэі. Шмат распрацоўваецца праграмаў, канцэпцыяў, але гэта ў шуфляду ідзе. І праблема ў тым, што шырокая маса гэтых людзей не ведае, бо няма сродкаў камунікацыі. І ўлада праз прапаганду настолькі дэскрэдытавала апазіцыю, што ёй нават цяжка даказаць, што яна не верблюд”,— кажа палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў