Менскія ўлады палююць на кватэры адзінокіх і старых


Менскі гарвыканкам прапаноўвае самотным старым, якія маюць сталічную кватэру ва ўласнасці, дамову: вы нам – жытло, а мы вам – пажыццёвае ўтрыманне з бясплатным пахаваннем. Улады называюць гэта эксперыментам і вывучэннем попыту на такое сацыяльнае забеспячэнне. Але звонку гэта чамусьці нагадвае паляванне на лёгкую здабычу.

Сацыяльны эксперымент

З ініцыятывы А. Лукашэнкі ў 2011 г. паўстала шматгадовая эксперыментальная праграма дзеля абмену жытла старых людзей на дзяржаўнае сацзабеспячэнне. Менск быў вызначаны рэгіёнам для эксперыменту, які плануюць скончыць у 2015 г.

Эксперымент ідзе не надта ўдала. Пакуль што толькі адзін чалавек аформіў дамову пажыццёвай рэнты, паведаміла 4 ліпеня на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення сацыяльнага падтрымання насельніцтва Камітэту працы, занятасці ды сацыяльнай абароны насельніцтва Менгарвыканкаму Галіна Грыб.

Сутнасць пажыццёвай дамовы рэнты простая: стары, што перайшоў мяжу 70 гадоў і не мае блізкіх, аддае дзяржаве сваю нерухомую маёмасць, а за гэта атрымлівае дагляд і некалькі рублёў на жыццё. Пасля смерці старога дзяржава можа распараджацца маёмасцю.

Погляд драпежніка

Усё сведчыць, што актыўная фаза эксперыменту, што ідзе ад 2011 г., пачалася менавіта цяпер. За апошні месяц Менскі гарвыканкам двойчы анансаваў і праводзіў наўпроставыя лініі з назовам “Аб парадку размеркавання пажылых грамадзянаў ды інвалідаў у дамы-інтэрнаты Менску”. Адказнае аддзяленне гарадскіх уладаў ладзіць прэсавыя канферэнцыі ў гэтай тэме і заяўляе, што праводзіць тлумачальную працу.

Сацыяльныя службы падлічылі, што у Менску жывуць каля 7 тысяч самотных кватэраўласнікаў, якім больш за 70 гадоў, – іхныя патэнцыйныя кліенты.

Жыццё перад смерцю

Пажыццёвая дамова рэнты з дзяржаваю азначае, што са сваёй кватэры вас пераселяць у дом-інтэрнат на адлегласці 40 кіламетраў ад Менску, непадалёк ад вёскі Траскоўшчына. У “Світанку” ўсё на найвышэйшым узроўні: пяціразовае харчаванне, індывідуальныя пакоі з сучаснаю мэбляю і тэлевізарам, забаўляльныя гурткі, ласкавая прырода, медычнае абслугоўванне, рытуальны зал, морг і г. д. Усё гэта ярка малюе рэкламны артыкул у газеце Беларускага таварыства інвалідаў. Пасля смерці дом-інтэрнат бярэ на сябе абавязкі ў пахаванні.

Да смерці старому, што аддаў сваю кватэру дзяржаве, гарантуюцца выплаты рэнты (1–3 базавыя велічыні на месяц) і частка пенсіі – каля 10 %. “Світанак” разлічаны на 150 месцаў. Сюды можна пасяліцца і на кароткі тэрмін без перадавання нерухомасці дзяржаве – на тэрмін ад 1 да 6 месяцаў. Летась гэтая паслуга каштавала 900 тысячаў рублёў на месяц.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары