Што будуць гаварыць пра Беларусь на сесіі Рады ААН?


Праца 20-й сесіі Рады ААН у правах чалавека распачынаецца ў Жэневе сёння і будзе доўжыцца да 6 ліпеня.

Як вынікае з праграмы, беларускае пытанне маюць разгледзець 27 чэрвеня. У гэты дзень прэзентуюць справаздачу вярхоўнага камісара аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Пасля адбудзецца дыскусія. На ёй шэраг няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку Фонд правоў чалавека, збіраюцца прапанаваць зноў увесці скасаваную ў 2007 г. пасаду адмысловага дакладчыка пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Справаздача вярхоўнага камісара падрыхтаваная адмыслова да сесіі. Яна ахоплівае перыяд з 19 снежня 2010 г. да 23 сакавіка 2012 г. У дакуменце адзначаецца “сур’ёзнае пагаршэнне” сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. Пра што інфармуе справаздача?

Новае заканадаўства

Акрамя крымінальнага пераследу лідараў і актывістаў апазіцыі дакумент згадвае прыняцце ўладамі Беларусі нарматыўна-прававых актаў, якія істотна абмяжоўваюць дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партыяў і правядзенне масавых акцыяў. Да таго ж узмоцнены кантроль за інтэрнэтам ды істотна пашыраныя паўнамоцтвы праваахоўных органаў, адзначаецца ў справаздачы.

Пераслед журналістаў

Толькі 19 снежня 2010 г. і падчас маўклівых акцыяў пратэсту ў 2011 г. агулам затрымалі 122 журналісты, 26 атрымалі адміністратыўныя арышты, 9 былі аштрафаваныя. 21 прадстаўніка медыяў збілі падчас акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Праваабаронцы і адвакаты

У справаздачы гаворыцца пра пераслед праваабаронцаў, у тым ліку пра рэпрэсіі ў дачыненні Алеся Бяляцкага, асуджанага на турэмнае зняволенне. Згадваецца і ачольваны ім цэнтр “Вясна”, якому ў Беларусі даводзіцца працаваць нелегальна.

Вярхоўны камісар ААН таксама адзначае рэпрэсіі ў дачыненні беларускіх адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках (пераслед, пагрозы, пазбаўленне адвакацкай ліцэнзіі).

Расстрэл

Падкрэслена, што Беларусь застаецца адзінаю ў Еўропе краінаю, дзе ўжываецца найвышэйшая кара. Апошнія смяротныя прысуды, адзначаецца ў справаздачы, прыведзеныя ў выкананне нягледзячы на афіцыйную просьбу Камітэту правоў чалавека ААН не рабіць гэтага, пакуль камітэт разглядае скаргі асуджаных. Справаздача рэкамендуе ўраду Беларусі вызваліць і рэабілітаваць палітвязняў, а таксама правесці аб’ектыўнае расследаванне ўсіх паведамленняў пра катаванні.

belsat.eu

Стужка навінаў