Выбары пройдуць 23 верасня. Абяцаюць дэбаты


Заўтра – пасяджэнне Цэнтрвыбаркаму. Ці разгледзяць зварот групы грамадзянаў на чале з Дзмітрыем Усам?

Пра дзень парламенцкіх выбараў паведаміў сёння Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай выбарчай кампаніі.

Пасяджэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі прызначанае на заўтра, 19 чэрвеня. На парадку дня – 15 арганізацыйных пытанняў. Сярод іх – апісанне выбарчых акругаў, метадычныя тлумачэнні пра парадак правядзення выбараў, два асобныя каляндарныя планы – пра выбары дэпутатаў і чальцоў Савету Рэспублікі.

Як паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркаму Людзія Ярмошына, звароту групы грамадзянаў пра змену выбарчага заканадаўства, які паступіў напрыканцы траўня, разглядаць не будуць. (Групу ачольвае экс-кандыдат на прэзідэнта Дзмітрый Ус.) Паводле яе, праект закону, які ўносіць група грамадзянаў, накіравалі на разгляд у Міністэрства юстыцыі. Яно мае адказаць цягам месяца. Тэрмін мінае 28 чэрвеня.

Яшчэ 8 чэрвеня, на сустрэчы адносна падрыхтоўкі да выбарчай кампаніі Лідзія Ярмошына паабяцала Аляксандру Лукашэнку, што выбарчае заканадаўства напярэдадні парламенцкіх выбараў змяняцца не будзе. Аргументы: па-першае, гэта немагчыма з увагі на тэрміны, па-другое – такі падыход цалкам адпавядае рэкамендацыям АБСЕ аб непажаданасці рэформаў у гэтай сферы на працягу года перад пачаткам выбарчай кампаніі.

На два туры выбараў плануюць выдаткаваць Br 93 млрд. З іх 76 млрд – на першы тур. Навінкаю кампаніі стануць тэле- і радыёдэбаты.

belsat.eu

Стужка навінаў