Азаранка: У Беларусі я нарэшце выспалася


Наймацнейшая беларуская тэнісістка прыехала на радзіму, каб адпачыць, і пачала рыхтавацца да Ўімблданскага турніру.

12 чэрвеня Вікторыя Азаранка дала майстар-клас юным спартоўцам у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе. Выхаванцы цэнтру даведаліся ад зоркі сакрэты пераможнай падачы, выслухалі яе заўвагі адносна гульні, а пасля трэнавання сфатаграфаваліся з Вікторыяй і атрымалі яе аўтографы на фатаграфіях тэнісісткі, мячах і майках. {movie}Вікторыя Азаранка дае майстар-клас у Менску|left|4737{/movie}

Журналістам Вікторыя Азаранка распавяла, што некалькі дзён адпачывала ад тэнісу, выязджала ў ваколіцы Менску, любавалася беларускаю прыродай і нарэшце выспалася. Майстар-клас прыдумала сама Вікторыя. Яго вынікам яна вельмі задаволеная: «Цешыць, што кожны раз усё больш дзяцей прыходзіць, а значыць, гуляе ў тэніс. Такія заняткі забіраюць шмат сілаў, але і напаўняюць пазітыўнай энергіяй».

Азаранка паведаміла, што 11 чэрвеня пачала рыхтавацца да Ўімблданскага турніру, які будзе апошняю рэпетыцыяй перад Алімпіядаю. І на Ўімблдане, і ў Лондане Вікторыя выступіць не толькі ў адзіночным, але і ў парным міксце, дзе яе партнёрам будзе Максім Мірны.

{movie}Вікторыя Азаранка пра страту тытулу першай ракеткі свету|left|4738{/movie}Было бачна, што пытанне наконт таго, што месца першай ракеткі свету заняла Марыя Шарапава, зачапіла Вікторыю, і яна пастаралася адказаць на яго па-філасофску: «Гэта жыццё, цяпер я другая ракетка ў свеце. Але ж ёсць магчымасць зноў зрабіцца першаю, таму мяне гэта абсалютна не засмучае – нават дадатковая матывацыя з’яўляецца».

belsat.eu

Стужка навінаў