Зубры і камары прэтэндуюць на званне «цуду прыроды»


Грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы» ініцыюе выбары шасці цудаў прыроды Беларусі. Пра гэта заявіла старшыня праўлення грамадскага аб’яднання Валерыя Кліцунова 1 чэрвеня падчас правядзення творчай лабараторыі зялёнага турызму ў Менску.

Паводле яе, у выбары шасці цудаў прыроды Беларусі будуць удзельнічаць прадстаўнікі розных галінаў, што маюць дачыненне да зялёнага турызму: гаспадары сядзібаў, каардынатары «зялёных маршрутаў», прадстаўнікі міністэрстваў і мясцовых уладаў, прыродаахоўных тэрыторыяў і лясніцтваў.

Спіс прапанаваных арганізатарамі цудаў прыроды ўключае Белавежскую пушчу, Налібоцкую пушчу, Прыпяцкае Палессе, Бярэзінскі запаведнік, возера Нарач, Блакітныя азёры, Браслаўскія азёры, рэкі Прыпяць і Нёман, пойменныя дубравы, беларускія балоты, зубра, бусла, вяртлявую чаротаўку, бабра, арлана-белахвоста, дары лесу (грыбы і ягады) і нават камароў («беларускую акупунктуру»). Усе ахвотныя могуць таксама прапанаваць свае прыродныя аб’екты. Па выніках творчай лабараторыі зялёнага турызму арганізатары абвесцяць найбольш папулярныя аб’екты Беларусі.

Як адзначыла Валерыя Кліцунова, ідэя выбраць шэсць цудаў прыроды Беларусі ўзнікла паводле аналогіі з конкурсам «Шэсць цудаў рэгіёну Балтыйскага мора», які праводзіцца ў рамках праекту «Аgora 2.0. Турызм спадчыны як сродак павышэння пазнавальнасці рэгіёну Балтыйскага мора». Ён падтрыманы Праграмаю рэгіёну Балтыйскага мора на 2007–2013 гг. і ажыццяўляецца ў Беларусі ГА «Адпачынак у вёсцы». У праекце ўдзельнічаюць Беларусь, Нямеччына, Эстонія, Фінляндыя, Латвія, Літва, Польшча, Расея, Швецыя і Данія.

У конкурсе «Шэсць цудаў рэгіёну Балтыйскага мора», які праходзіць сёлета, прадстаўленыя найбольш вядомыя славутасці. Іх спіс размешчаны на афіцыйным сайце конкурсу, вядзецца электроннае галасаванне. Для ўдзелу ў фінале адабралі 33 славутасці, у тым ліку беларускія балоты і Белавежскую пушчу (Беларусь / Польшча). Вынікі конкурсу падвядуць у лістападзе. «Нават калі беларускія славутасці не ўвойдуць у лік пераможцаў, у працэсе галасавання з імі пазнаёміцца вялікая колькасць еўрапейцаў», – адзначыла прадстаўніца арганізацыі «Адпачынак у вёсцы».

belsat.eu

Стужка навінаў