Міхаіла Пашкевіча будуць судзіць


Актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Міхаіла Пашкевіча даставілі ў светлагорскі ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён прабудзе да суда, прызначанага на 1 чэрвеня. Іншых актывістаў кампаніі, журналістаў і шэраг мясцовых жыхароў, затрыманых міліцыяй, адпусцілі. Іх затрымалі ў лясным масіве каля вёскі Якімава Слабада Светлагорскага раёну.

Як паведаміў адзін з удзельнікаў інцыдэнту, намеснік рэдактара газеты «Свободные новости плюс» Аляксандр Уліцёнак, міліцыя абвінаваціла Пашкевіча ў адміністратыўным парушэнні – «умяшанні ў вырашэнне справы аб адміністратыўным правапарушэнні» (арт. 23.3 КоАП). Артыкул 23.3 прадугледжвае ўздзеянне ў якой бы там ні было форме на службовую асобу, якая вядзе адміністратыўны працэс, з мэтай перашкодзіць усебаковаму, поўнаму і аб’ектыўнаму разгляду справы ці з мэтай дамагчыся вынясення незаконнага рашэння. Такое парушэнне караецца штрафам ад 20 да 50 баз. вел. або адміністратыўным арыштам.

«Нас усіх завялі ў розныя кабінеты і распытвалі, хто мы такія, чаго прыехалі, хто спрабуе арганізаваць рэферэндум. Больш за ўсё міліцыю цікавіла тэхніка, якая была ў журналістаў. У Аляксандра Баразенкі і Сяргея Балая сцерлі запісы на флэш-картах, мой тэлефон праглядалі, шукалі там здымкі», – адзначыў Уліцёнак.

Актывісты «Гавары праўду!» 31 траўня праводзілі рэгіянальную акцыю, наведвалі Рагачоў і Светлагорскі раён. Жыхары вёскі Якімава Слабада не згодныя з планамі ўладаў пабудаваць завод беленай цэлюлозы са шкоднаю вытворчасцю. Яны маюць намер правесці мясцовы рэферэндум у адпаведнасці з законам. Юрыдычную дапамогу жыхарам вёскі аказваюць актывісты «Гавары праўду!». У гэты дзень яны прыехалі ў Якімаву Слабаду, каб дапамагчы людзям дамагчыся рэферэндуму. Пры спробе аднесці ў сельсавет заяву на правядзенне рэферэндуму і падаць спісы ініцыятыўнай групы актывісты, журналісты і мясцовыя жыхары былі затрыманыя. Мясцовых жыхароў у РАУС не дастаўлялі, адпусцілі каля будынку міліцыі.

«За ўвесь дзень мы бачылі дзясяткі міліцыянераў, прычым галоўным чынам маёраў, якія сачылі за намі, перашкаджалі, затрымлівалі», – сказаў журналіст.

belsat.eu

Стужка навінаў