Прыёмныя сем’і прыходзяць на змену дзіцячым дамам


У Беларусі за пяць гадоў колькасць дзяцей, якія выхоўваюцца ў інтэрнатах, скарацілася на 41 %. Пра гэта паведаміла начальніца аддзелу сацыяльна-педагагічнай працы і аховы дзяцінства Міністэрства адукацыі Галіна Рудзянкова.

За пяць гадоў агульная колькасць дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, скарацілася на 3,5 тыс. чалавек (з 28,2 тыс. да 24,7 тыс.). Закрылі 23 і рэарганізавалі 9 інтэрнатавых установаў для дзяцей-сіротаў. На 40 % зменшылася колькасць дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі паводле рашэння суда аб пазбаўленні бацькоў бацькоўскіх правоў. Утрая зменшылася колькасць адмоваў ад дзяцей. Такія вынікі, на думку спецыялісткі Мінадукацыі, прыносяць захады для недапушчэння ўцягвання дзяцей у гандаль людзьмі.

{movie}Рудзянкова пра дзіцячыя дамы сямейнага тыпу|right|4497{/movie}

«Захады, што прымаюцца дзяржавай у рамках дзяржпраграмы дэмаграфічнай бяспекі, таксама пачынаюць даваць адчувальныя вынікі – тэмпы змяншэння дзіцячага насельніцтва значна знізіліся. Калі ў 2008 г. дзіцячае насельніцтва скарацілася на 37,5 тыс. у параўнанні з 2007 г., а ў 2010 г. – на 20 тыс. у параўнанні з 2009 г., то ў 2011 г. – толькі на 6,5 тыс. у параўнанні з 2010 г.», – зазначыла Галіна Рудзянкова.

Да ліку дасягненняў сістэмы адукацыі яна адносіць якасць агульнай, сярэдняй і даступнасць вышэйшай адукацыі для дзяцей з сельскай мясцовасці. «Больш як 70 % дзяцей дашкольнага ўзросту наведваюць установы дашкольнай адукацыі. Гэты паказнік – адзін з самых высокіх сярод краінаў СНД. А паказнік узроўню пісьменнасці моладзі ў Беларусі складае 99,8 %», – падкрэсліла чыноўніца.

Яна паведаміла, што ў Беларусі працуюць каля 200 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. «Дзіцячы дом сямейнага тыпу – адна з формаў уладкавання дзяцей-сіротаў на выхаванне ў сем’і. Ён павінен прыняць ад пяці да дзесяці прыёмных дзяцей. Пасяліць такую колькасць дзяцей можна толькі ў катэдж або іншае жытло большай плошчы. Значыць, на будаўніцтва патрабуецца большы аб’ём фінансавання. Таму ўзвядзенне такіх дамоў залежыць ад магчымасцяў мясцовых бюджэтаў», – сказала эксперт.

Галіна Рудзянкова адзначыла перспектыўнасць прыёмнай сям’і як формы ўладкавання дзяцей-сіротаў (у іх ужо выхоўваюцца 6,5 тыс. дзяцей).

belsat.eu

Стужка навінаў