Вынікі перапісу 2009 г. у мультфільмах


Беларусаў у лічбах паказваюць свежыя анімацыйныя кліпы, створаныя ў супольным праекце ААН і Белстату. Аўтары вырашылі паказваць людзей праз сімвалы – абедзенны стол і цішоткі.

Выйшлі чатыры кліпы пра вынікі апошняга перапісу насельніцтва Беларусі: два на расейскай мове і два на беларускай. Цягам 35 секундаў глядач, да прыкладу, можа даведацца, што на 100 мужчынаў прыпадае 115 жанчын, а сярэднестатыстычная сям’я складаецца з трох чалавек. Аўтары мультоў – рэкламіст Юля Ляшкевіч і графічны дызайнер Яўген Безгін. Працы паўсталі ў межах супольнага праекту Фонду ААН у галіне народанасельніцтва і Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Аляксандр Мілевіч, спецыяліст у сувязях з грамадскасцю Фонду ААН у галіне народанасельніцтва, кажа, што гэта першы сацыяльны ролік на такую тэматыку:

“Людзі мусяць разумець, па-першае, у якой краіне яны жывуць, па-другое, чаму ўдзел у перапісе важны. І анімацыйныя ролікі – такая зваротная сувязь: мы распавялі пра сябе перапісчыку, і вось што ў выніку атрымалася. Гэта адна з формаў распаўсюду звестак перапісу насельніцтва для масавага карыстальніка”, – распавядае адмысловец Фонду ААН.

Народу анімацыя падабаецца, прычым на беларускай мове больш, як кажа Аляксандр Мілевіч: “На нашым канале на “Youtube” мульты набралі ўжо больш за 3000 праглядаў. Калі меркаваць з каментароў на розных рэсурсах, то ролікі ўспрымаюцца добра. А ролікі на беларускай мове людзі лічаць больш стылёвымі”.

Пры стварэнні анімацыі аўтары сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі: “Калі вас папросяць апісаць сярэднестатыстычную сям’ю, то гэта будзе маці, бацька і дзіцёнак. На самой справе беларуская сям’я бывае розная: бабуля, дзядуля і дзіця, маці ды два дзіцяці, тата і два дзіцяці. І гэты нюанс быў улічаны. Таму, да прыкладу, мы бачым не людзей, а абедзенны стол, за якім збіраецца сям’я”, – тлумачыць сімвалізм мультфільму Аляксандр Мілевіч.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары