Сяргея Каваленку этапавалі ў магілёўскую калонію № 19


“Нам паведамілі, што ён ужо там. Учора нібыта прывезлі, але дакладнага часу не назвалі. Таксама не паведамілі ніякіх падрабязнасцяў пра ягонае здароўе і пра тое, ці працягвае ён галадоўку”, – распавяла жонка актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алена Каваленка 21 траўня.

Паводле яе, на гэтым тыдні адвакат Каваленкі паспрабуе сустрэцца са сваім падабаронным у калоніі, каб на месцы ўсё высветліць.

Пра тое, што Каваленку этапавалі з віцебскага следчага ізалятару № 2, стала вядома 19 траўня, калі ягоная жонка прыйшла ў СІЗА на сустрэчу з ім. У ізалятары ёй заявілі, што Сяргея Каваленкі ў іх ужо няма.

Актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленку трымаюць у зняволенні з 19 снежня 2011 г. На знак пратэсту ён абвесціў галадоўку і страціў палову вагі. 1 красавіка апазіцыянера пачалі прымусова карміць, бо прымаць ежу самастойна ў турэмных умовах ён адмаўляўся, нягледзячы на пераконванні родных, просьбы прадстаўнікоў грамадскасці ды апазіцыйных палітыкаў.

13 красавіка, ужо ў “Навінках”, апазіцыянер галадоўку спыніў. Экспертыза доўжылася амаль месяц і прызнала Сяргея Каваленку псіхічна здаровым, пасля чаго яго адправілі назад, у віцебскі следчы ізалятар № 2. 8 траўня ў Віцебску асуджаны аднавіў галадоўку пратэсту.

30 траўня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску будуць судзіць і Алену Каваленку. Яе вінавацяць у дробным хуліганстве. 18 траўня, у дзень разгляду касацыйнай скаргі мужа, яна разам з ягоным стрыечным братам і актывісткаю грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” напісала на асфальце перад будынкам абласнога суда “Свабоду Сяргею Каваленку!”. Усіх затрымалі і даставілі ў суд, аднак паседжанне перанеслі, бо суддзя пастанавіў дапытаць міліцыянтаў, якія затрымлівалі абвінавачаных.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары