Лясніцтва параіла пакінуць ласянят паміраць


https://youtu.be/WULrorzy0Fc
У вёсцы Завідчыцы на Піншчыне жывуць прыблудныя ласяняты. Спачатку маленькія засталіся без маці, а потым ад іх адмовілася мясцовае лясніцтва.

Як кажа Мікалай Сцёпін, мясцовы жыхар, што знайшоў малых, тыя самі падышлі да яго з лесу. Відавочна, ласянят пакінула маці, і знайсці сабе ежу тройка нядаўна народжаных жывёлінаў не змагла.

“Я падышоў да вырубкі, дзе і працую. Бачу: вушы тырчаць – адны, другія, трэція. Ласяняты мяне ўбачылі ды пайшлі да мяне. Я ім вады даў, яны трохі ажылі, і завёз у лясніцтва нашае. Я кажу: рабіце нешта, бо яны не маюць маці. А яны сказалі: мы не ведаем, што рабіць, вязі іх зноў у лес. То кажу, што калі памруць – на вашым сумленні будзе”, – распавядае спадар Сцёпін.

Аднак пакінуць малых на пэўную смерць у лесе спадар Мікалай адмовіўся. Параіўшыся з жонкаю, ён вырашыў прытуліць ласянятаў у Завідчыцах.

Двое ласянятаў знайшлі свой дом у спадарства Сцёпіных, а самага малога пасялілі ў суседняй гаспадарцы. За тыдзень жывёліны і людзі паспелі пасябраваць. Таму развітанне з ляснымі гасцямі будзе няпростае. Бясклопатнае жыццё ў Завідчыцах працягнецца толькі месяц. На рашэнне лясніцтва жывёлінаў завязуць у Белавежскую пушчу. Спачатку яны нейкі час пажывуць у вялікім вальеры, каб адвыкнуць ад людзей, а пасля вернуцца ў натуральнае асяроддзе.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары