Грабарэнка: больш віны на хакеістах, мы ж гуляем


16 траўня ў нацыянальным аэрапорце Менск прызямліўся самалёт з хакейнаю зборнаю Беларусі. Вяртанне каманды прайшло будзённа, без кветак і фанатаў. Нагадаем, беларусы ў сямі матчах атрымалі адну перамогу і зазналі шэсць паразаў, заняўшы ў агульнай табліцы 14-е месца сярод 16 камандаў. Зборная захавала прапіску ў топ-дывізіёне, але не выканала пастаўленую Міністэрствам спорту задачу трапіць у васьмёрку наймацнейшых.

Твары ў хлопцаў былі невясёлыя, яны імкнуліся хутчэй прабрацца да аўтобуса, пазбягаючы поглядаў журналістаў і нешматлікіх людзей, якія іх сустракалі. Прэсу выручыў адзін з найлепшых абаронцаў у складзе беларусаў на чэмпіянаце свету, Раман Грабарэнка, згадзіўшыся адказаць на набалелыя пытанні.

“Няўдала, канечне, выступілі, што ўжо тут гаварыць, – сказаў ён. – 14-е месца для нас – не вынік. Дзесьці нам не пашанцавала, адцінкамі выпадалі з гульні, таму супернік нас даціскаў. Думаю, большая частка віны на нас, на хакеістах, бо гуляем мы, а не трэнер”.

Варта адзначыць, што 16 траўня ў Менск вярнуліся не ўсе прадстаўнікі беларускай дэлегацыі. Галоўны трэнер каманды, Кары Хэйкіля (Kari Heikkilä), застаўся глядзець чэмпіянат свету, адзначыўшы напярэдадні, што не ведае, калі прыедзе ў Беларусь. У сталіцу таксама не вярнуўся старшыня Федэрацыі хакею Беларусі Яўген Ворсін – ён 17 траўня будзе ўдзельнічаць у кангрэсе IIHF, на якім могуць узняць пытанне аб адмене чэмпіянату свету 2014 года ў Менску.

belsat.eu

Стужка навінаў