Мацюкі ў песнях? Меркаванні беларускіх музыкаў


Як музыкі ставяцца да цэнзуры ненарматыўнай лексікі ў творах?

Аляксандр Памідораў абураны сітуацыяй вакол “Ленинграду”. Ён паведаміў “Белсату”, што мае пэўную інфармацыю адносна канцэрту: выступ мае праходзіць у закрытым фармаце, гурт у прыватным парадку запрошаны ў дарагі начны клуб, граць на чыімсьці свяце, для канкрэтнай кампаніі.

“Папярэджанне арганізатарам менавіта карпаратыўнага (!) канцэрту на імпрэзе закрытага тыпу! І калі ўжо Генпракуратура ў гэтыя справы лезе, без нецэнзурнай лаянкі не абысціся! – кажа музыка. – Гэта нават не глупства, а ёсць цудоўнае польскае слова – бздура!”

Памідораў, як і Сяргей Шнураў, таксама часам ужывае расейскую лаянку ў сваіх песнях.

“У любым выпадку ўжыванне табуяванай ці ненарматыўнай лексікі мусіць быць абгрунтаванае, – кажа ён. – У лаянцы дзеля лаянкі няма сэнсу, але калі слова стаіць на сваім месцы, яго немагчыма замяніць. Гэта даўняя праблема для літаратуры і мастацтва”. Музыка намагаецца не ўжываць мацюкоў пры ўмове, калі на канцэрце бачыць жанчын і дзяцей.

“Дык няхай тады ўжо і стрыптыз-клубы забараняюць!” – кажа лідар гурта “Палац” Алег Хаменка. Ён лічыць, што канцэрт – гэта клубная імпрэза, куды прадаюць квіткі ды туды ідуць людзі, якія ведаюць, ШТО пачуюць.

“Гэтак жа можна купіць квіток на стужку з пазнакаю “пасля 18 гадоў”, дзе агаляецца жанчына. Няхай “папераджальнікі” лепш паглядзяць – фільмы з якім зместам цяпер прадаюцца на Камароўцы!” – раіць музыка.

Папярэджанне Генеральнай пракуратуры арганізатарам канцэрту “Ленинграду” з-за ўжывання ненарматыўнай лаянкі ён лічыць абсалютным глупствам. “Шнур жа не выступае на плошчы перад выпадковымі людзьмі, гэта ж не эстрада”, – кажа Хаменка.

Разам з тым, лідар “Палацу” не вельмі пазітыўна ставіцца да ўжывання ненарматыўнай лексікі ў творах. “Нехта ж піша пра тое, як займаюцца сексам, напрыклад, амерыканскія сенатары, і гэта чамусьці дазволена, а вось Шнур ужывае лаянку”, – кажа Алег і прапаноўвае параўнаць гэтыя рэчы з гледзішча маралі.

Лідар гурта “Стары Ольса” Зміцер Сасноўскі супраць лаянкі на вуліцах, і ўсяляк агароджвае ад мацюкоў сваіх дзяцей, але іх наяўнасць у тэкстах Шнура лічыць “пытаннем асабістых сімпатыяў”.

“Рок-музыка не кіруецца цвёрдымі канонамі, якімі вылучаюцца іншыя стылі музыкі, – кажа Зміцер. – Гэта прынцыпова музыка вольнага выяўлення сваіх эмоцыяў, што мае на ўвазе выкарыстанне пэўнага слэнгу, нават нецэнзурных словаў. Таму рок-музыка заўсёды была і застаецца не вельмі пажаданаю для шмат якіх дзяржаўных структураў. Гэта не толькі беларуская адметнасць, але і іншых краінаў таксама”.

Нагадаем, што Генеральная пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства і выкарыстання нецэнзурнай лексікі арганізатарам канцэрту гурта “Ленинград”, які мае адбыцца 18 траўня ў Менску. Пра гэта паведаміў журналістам загадчык упраўлення Генпракуратуры ў наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Павел Радзівонаў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары