Толькі некаторыя дзеці атрымаюць грошы за працу на вакацыях


Летам беларускія школьнікі будуць працаваць ва ўстановах адукацыі за грошы або бясплатна – у межах традыцыі школьнай працоўнай практыкі.

Плаціць за ўпарадкаванне школьнай тэрыторыі ды вучэбных кабінетаў паабяцалі невялічкай частцы менскіх навучэнцаў. Каля 3000 сталічных падлеткаў будуць ўладкаваныя на працу на азеляненне і ўпрыгожванне школьнай тэрыторыі, рамонт вучнёўскай мэблі, абсталяванне кабінетаў. За гадзіну працы школьнікі змогуць атрымаць 5930 руб., перадае агенцтва «Минск-новости».

У той жа час навучэнцаў Беларусі, паводле савецкай традыцыі, прыцягваюць да так званай летняй працоўнай практыкі. За гэта школьнікі не атрымліваюць аніякай матэрыяльнай узнагароды.

У межах такой практыкі школьнік, у залежнасці ад узросту, мусіць два або тры тыдні вакацыяў прысвяціць працы на карысць установы адукацыі. Дзяўчатам прапаноўваюць мыць кабінеты і вокны, хлапцам – слясарыць, рамантаваць мэблю і гэтак далей. Класны кіраўнік вядзе ўлік адпрацаваных гадзінаў, пра што распісваецца ў адмысловым дзённіку практыкі.

Навучэнец гомельскай гімназіі № 11 Мікалай пацвердзіў, што дзяцей дагэтуль прыцягваюць да бясплатнай працы на вакацыях: «Летась, калі я скончыў восем класаў, мы два тыдні займаліся рамонтам, адчышчалі мэблю ад жуйкі, шпалеры падклейвалі ды цягалі мэблю. Настаўнікі казалі нам, што гэта абавязкова. Хто не прайшоў практыкі ўлетку, адпрацоўваў цягам навучальнага года», – распавядае Мікалай.

Грошы абмежаванай частцы менскіх школьнікаў пералічаць з мясцовага бюджэту і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы. Агулам выдаткуюць Br 1,6 млрд і створаць 2570 афіцыйных працоўных месцаў для сталічных дзяцей.

На думку кандыдата педагагічных навук Святланы Мацкевіч, такую з’яву, як летняя працоўная практыка, трэба разглядаць з двух бакоў – прававога і з боку менеджменту.

«Працоўнае навучанне – гэта такі кірунак у педагогіцы, ён ідзе з савецкіх часоў, ад педагогікі Макаранкі. Ёсць працоўнае навучанне як асобная дысцыпліна, а ёсць як далучэнне дзяцей да «грамадска карыснай працы». У СССР гэта было цалкам лагічна, а цяпер паўстае пытанне: наколькі гэта адпавядае нормам права?»

З гледзішча менеджменту таксама ёсць праблемы. Школы на сённяшні дзень не маюць самастойнага бюджэту і не могуць заплаціць даросламу чалавеку. Таму, на меркаванне Святланы Мацкевіч, дырэктары школаў шукаюць унутраных рэсурсаў для рамонту і ўпарадкавання тэрыторыі.

Нагадаем, што ў Беларусі пры дэкларацыйнай забароне дзіцячай працы з 2002 г. дзее пастанова Міністэрства працы № 84. Паводле дакументу, у перыяд вакацыяў на добраахвотнай аснове можна наймаць на часовыя працы школьнікаў ад 14 гадоў. Пра бясплатную дзіцячую працу ў пастанове нічога не сказана.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары