Сваякі Кавалёва просяць абгрунтаваць, чаму ім не выдалі цела


Маці і сястра Уладзіслава Кавалёва, аднаго з двух прысуджаных да смяротнага пакарання і расстраляных за тэракт у менскім метро, просяць абгрунтаваць забарону выдаваць сваякам целы пакараных і не паведамляць пра месца іхнага пахавання.

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, зварот з гэтай нагоды Любоў Кавалёва і Таццяна Казяр накіравалі Аляксандру Лукашэнку, у абедзве палаты парламенту і начальніку Дэпартаменту выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных справаў (ДВП МУС).

Паводле Кісляка, сваячкі Кавалёва просяць адказаць, на якой падставе ў ч. 5 арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу значыцца правіла: «цела для пахавання не выдаецца, пра месца пахавання не паведамляецца». Паводле маці і сястры Кавалёва, гэта здзек са сваякоў.

Праваабаронца дадае, што норма з’явілася ў публічным заканадаўстве пасля прыняцця ў 1999 г. новага Крымінальнага-выканаўчага кодэксу. Раней яна існавала ў сакрэтнай інструкцыі МУС аб парадку выканання смяротнага пакарання.

Кісляк нагадаў, што 22 сакавіка сваячкі Кавалёва звярнуліся да прэзідэнта Беларусі, начальніка ДВП МУС і старшыні КДБ з просьбаю выдаць цела Уладзіслава Кавалёва, каб яго пахавалі сваякі. З Адміністрацыі прэзідэнта і МУС яны атрымалі адмовы са спасылкаю на ч. 5 арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу. 7 траўня маці і сястра пакаранага звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай адмяніць гэтую норму.

belsat.eu
https://youtu.be/F02erRN7iGU

Глядзі таксама
Каментары