Улады не даюць правесці кангрэс Асамблеі НДА


Чарговы, сёмы справаздачна-выбарны кангрэс Асамблеі недзяржаўных арганізацыяў ды ініцыятываў (Асамблея НДА), які планавалася правесці 5–6 траўня ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры (IBB), не адбудзецца – Менгарвыканкам, які мае долю ўласнасці ў гэтым памяшканні, раптам адмовіў арганізатарам у арэндзе.

«Увесь дзень працягваліся перамовы ў Менгарвыканкаме, але яны скончыліся нічым. Мы вымушаныя перанесці збор на іншы дзень, пра які паведамім дадаткова», – гаворыць кіраўнік выканаўчага бюро Асамблеі НДА Сяргей Лісічонак.

«Адмова ў правядзенні буйнога форуму грамадзянскай супольнасці ў Беларусі яшчэ раз паказвае на тое, што ўлады Беларусі працягваюць супрацьпастаўляць сябе грамадству. Відавочна, што гэта палітычнае рашэнне, якое прымалася не ў сценах Менгарвыканкаму», – заявіў Лісічонак.

Цяпер, паводле яго, аргкамітэт кангрэсу абмяркоўвае перанос форуму на чэрвень.

Лісічонак адзначыў, што на форум былі запрошаныя прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў разнастайных інтарэсаў. Цягам двух дзён прадстаўнікі прыкладна 200 арганізацыяў – чальцоў Асамблеі НДА планавалі не толькі абраць новае кіраўніцтва, але і абмеркаваць стан грамадзянскай супольнасці, развіццё рэгіянальных ініцыятываў, масмедыя, развіццё грамадскага дыялогу, узаемадзеянне з палітычным сектарам, ролю Асамблеі НДА ў Беларусі.

У першы дзень кангрэсу ўдзельнікі планавалі заслухаць справаздачу кіраўніцтва пра дзейнасць за мінулыя тры гады. Таксама планавалася прыняцце рэзалюцыяў і заяваў наконт найболей актуальных пытанняў дзейнасці арганізацыяў трэцяга сектару, адносінаў паміж грамадзянскаю супольнасцю і дзяржаваю, дыялогу ўнутры грамадства.

На другі дзень быў запланаваны фестываль грамадскіх арганізацыяў у выглядзе відэапрэзентацыяў дзейнасці і стэндаў. Найлепшыя арганізацыі меркавалася ўзнагародзіць каштоўнымі падарункамі.

У панэльных дыскусіях «НДА і грамадства», «НДА і Еўропа» эксперты з розных галінаў планавалі абмеркаваць, што могуць даць НДА грамадству Беларусі, ці магчыма рэалізоўваць праеўрапейскія праекты НДА без супрацы з уладамі Беларусі ды іншыя важныя пытанні.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары