Абраны найлепшы дызайн для білета ў Нацыянальны мастацкі музей


Пераможцаю зрабілася графічная дызайнерка з Менску Маргарыта Канавалава. На пярэднім баку білета выяўлены фрагмент карціны Івана Хруцкага «Партрэт невядомай з кветкамі і фруктамі». І на пярэднім, і на заднім баках білета прысутнічаюць элементы музейнай архітэктуры.

Грашоваю прэміяй памерам 3,5 млн руб. Маргарыту Канавалаву ўзнагародзіў партнёр музею – прадпрыемства «British-American Tabacco Trading Company».

«Мабыць, дызайнерка выбрала менавіта гэты фрагмент таму, што мінулы год быў абвешчаны годам Хруцкага, прайшло некалькі цікавых, яркіх выставаў гэтага мастака – у Беларусі, Літве, Парыжы; выйшлі манаграфіі, прысвечаныя яму», – пракаментавала загадчыца аддзелу навукова-асветнай дзейнасці Нацыянальнага мастацкага музею Ірына Скварцова.

Дарэчы, фрагмент згаданай карціны Хруцкага можна ўбачыць і на купюры наміналам 1 тыс. руб. «Думаю, асацыяцыя з тысячнаю купюраю тут простая. Магчыма, тут ёсць нейкая іранічнасць, уласцівая постмадэрнізму, і гэта было прыцягальным для сябраў журы, якія прагаласавалі за гэтую працу», – адзначыла Ірына Скварцова.

Паводле яе, самым цяжкім у вызначэнні пераможцы быў прыкладна аднолькавы ўзровень майстэрства пададзеных на конкурс працаў. «Пры ацэнцы працаў на першы план выходзілі фармальныя прыёмы – пытанні кампазіцыі, каларыту, вобразнасці», – падкрэсліла прадстаўніца музею.

Для школьнікаў білет у Нацыянальны мастацкі музей каштуе 5 тыс. руб., для студэнтаў – 8 тыс., дарослыя плацяць 20 тыс. руб.

belsat.eu
https://youtu.be/wW1at3h1LQk

Глядзі таксама
Каментары