Пры ператрусе ў офісе радыё «Рацыя» міліцыянты згадвалі БАЖ


Падчас ператрусу ў менскім офісе Беларускага радыё «Рацыя» міліцыянты былі падкрэслена ветлівыя і паказвалі дасведчанасць у праблемах незалежнай журналістыкі. Аднак сканфіскавалі тэхніку і абсталяванне, без якіх функцыянаванне сталічнага аддзялення радыё значна ўскладняецца.

Увечары 2 траўня міліцыянты наведалі менскі офіс радыё «Рацыя» двойчы. Першы раз участковы правёў інструктаж – як жыхарам дамоў вакол плошчы Перамогі паводзіцца ў Дзень Перамогі. Другім разам ён вярнуўся з падмогаю для ператрусу.

Карэспандэнт радыё Рыгор Сапежынскі паведаміў, што на тую гадзіну ў офісе заставаўся адзін працаўнік. «Гэта адбылося каля паловы на восьмую. Хвілінаў праз дзесяць, як на офісе скончылі працу, завітаў участковы з напарнікам. З імі размаўляў Генадзь Барбарыч. Участковы заўважыў кнігі пра палітзняволеных, якія пару гадзінаў таму карэспандэнты прынеслі з прэзентацыі. Ён зразумеў, што тут працуюць журналісты і пачаў адразу тэлефанаваць начальству, якое дало каманду на ператрус», – гаворыць Рыгор Сапежынскі.

Працаўнікі міліцыі назвалі татальны ператрус «аглядам» памяшкання. Просьбы карэспандэнта патлумачыць мяжу паміж ператрусам і аглядам яны ігнаравалі.

Кіраваў аперацыяй намеснік начальніка Цэнтральнага РУУСу Артур Шахлай. У размове з карэспандэнтам Барбарычам той згадваў нядаўнюю акцыю сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў, скіраваную на ўзаемаразуменне журналістаў і міліцыі: журналісты наведалі міліцэйскае начальства з тлумачальнымі матэрыяламі пра неабходнасць выконваць закон у адносінах да журналістаў.

А 23:00 міліцыя скончыла «агляд» офісу радыё, забраўшы камп’ютары і тэхніку «для правярання». Наколькі гэта зацягнецца, працаўнікі РУУСу не паведамілі. Гэта значна ўскладняе працу менскіх карэспандэнтаў радыё «Рацыя», бо разам з камп’ютарамі канфіскавалі абсталяванне для запісу і рэдагавання гуку.

Карэспандэнты радыё «Рацыя» мяркуюць, што гэты ператрус – вынік нездаровай пільнасці з боку міліцыі, а не запланаванае зверху акцыя.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары