Сяргей Калякін: Беларусь ператварылі ў турму


Адмовы ў правядзенні мітынгаў прывядуць да таго, што палітычнае жыццё пяройдзе ў нелегальную сферу, мяркуе прадстаўнік аргкамітэту правядзення першамайскага мітынгу, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

Менгарвыканкам адмовіў прадстаўнікам апазіцыі ў правядзенні мітынгу 1 траўня ў звязку з тым, што ў парку Дружбы народаў «запланаванае правядзенне іншай акцыі». Калякін паведаміў, што аргкамітэт прыняў рашэнне не праводзіць 1 траўня ніякіх акцыяў, бо «ў такіх умовах не зможа забяспечыць масавасць удзелу людзей – і акцыя не будзе мець сэнсу».

«Сёння ўлады наогул плююць на Канстытуцыю, на артыкул 35, які гарантуе свабоду сходаў і вулічных шэсцяў, – заявіў Калякін. – Закон аб масавых акцыяў стаўся забаронай на іх правядзенне, улады нават не знаходзяць часу нармальна растлумачыць прычыны адмовы ў правядзенні вулічных акцыяў, не жадаюць размаўляць з арганізатарамі наконт пераносу часу і месца акцыі».

Паводле інфармацыі лідара партыі, за апошнія два месяцы са 120 заяўленых пікетаў, на якіх планавалася ўзняць сацыяльна-эканамічныя праблемы, улады дазволілі правесці толькі два. «Беларусь пераўтвораная ў турму – дык няхай Аляксандр Лукашэнка скажа, што мы жывём паводле законаў турмы, а не паводле Канстытуцыі. Але калі мы жывём паводле Канстытуцыі, то ўсё тут існуе для чалавека, чалавек – галоўная каштоўнасць краіны, ягоныя правы і свабоды ёсць галоўным клопатам і абавязкам для ўсіх дзяржаўных службоўцаў. Мы спрабуем размаўляць з уладамі на нармальнай мове закону. Іх адказ – не толькі нам, а ўсім астатнім людзям, – што пляваць яны хацелі на законы. У выніку гэта прывядзе да таго, што палітычнае жыццё можа перайсці ў нелегальную сферу», – заявіў Калякін.

belsat.eu

Стужка навінаў