«Абудзіся, Беларусь!» Кампанія вонкавай рэкламы «Белсату»


Пад дэвізам «Абудзіся, Беларусь!» «Белсат» праводзіць 8-месячную рэкламную кампанію, адрасаваную беларусам, якія наведваюць Украіну. Кампанія фінансуецца са сродкаў канадскага Міністэрства замежных справаў і міжнароднага гандлю (Foreign Affairs and International Trade Canada) у межах гранту на падтрыманне незалежных медыяў у Беларусі.

На ўкраінскім баку ля дарог, якія вядуць да найбольш ажыўленых памежных пераходаў з Беларуссю (у Даманаве, Любяшове, Сарнах, Оўручы і Чарнігаве) 1 красавіка ўсталявалі шчыты памерам 6 х 3 м з дэвізам кампаніі: «Абудзіся, Беларусь!». Такім чынам, беларусам прапаноўваецца штодня з 7:00 раніцы глядзець «Белсат» і атрымліваць інфармацыю ад іншых даступных у Беларусі незалежных медыяў: радыёстанцыяў, газетаў і сайтаў. Апроч таго, на шчытах змешчаная рэклама парталу www.belsat.eu. Адрасатам зразумелы таксама другі пасыл кампаніі, сімваламі якога выступаюць будзільнік і дэвіз, што заклікае да нацыянальнага і грамадскага абуджэння.  

Кампанія працягнецца сёлета з 1 красавіка да 31 снежня. Пры размяшчэнні носьбітаў увага звярталася на інтэнсіўнасць памежнага руху ды аптымальную бачнасць рэкламы ў мясцовых умовах. Важным чыннікам, які павышае эфектыўнасць кампаніі, ёсць той факт, што паміж Беларуссю і Украінай існуе бязвізавы рух, а таму беларусам значна танней і хутчэй паехаць ва Украіну, чымся ў Польшчу або Літву. 

«Леташняя рэкламная кампанія «Белсату» ў Польшчы ля мяжы з Беларуссю была заўважаная ў медыях і з боку тысяч беларусаў, таму мы вырашылі даць гэтай ідэі працяг. Нашая галоўная мэта – пераадолець інфармацыйную манаполію Лукашэнкі. Але каб гэтыя дзеянні былі эфектыўныя, трэба пераадольваць бар’еры ў рэкламаванні нашай працы. Вонкавая рэклама «Белсату» ў Беларусі не магчымая, таму мы збіраемся з усіх бакоў атачыць Беларусь сваімі шчытамі, вось мы і пачалі кампанію ля мяжы ва Украіне», – тлумачыць дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Чарговым этапам будзе з’яўленне буйнафарматнай рэкламы «Белсату» ў Літве ля мяжы з Беларуссю. Кампанію фінансуе ўрад Канады праз дапаможную арганізацыю IREX. Графічны праект распрацаваў Павэл Пагода. Кампанія рэалізуецца ўкраінскім рэкламным агенцтвам «SemoArt».

Глядзі таксама
Каментары