Увосень – прэм’ера фільму пра беларускую жалезную лэдзі


https://youtu.be/vBfuebUKJRA
Першымі дакументальна-мастацкую стужку пра Палуту Бадунову – сябру Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, міністра Рады БНР, ахвяру сталінскіх рэпрэсіяў – пабачаць гледачы «Белсату».

Фільм «Палута Бадунова – успомніць і не забыць» паўстаў на замову нашага тэлеканалу. Паставіць яго ўзяўся вядомы тэатральны рэжысёр Валерый Мазынскі. Здымачная група прайшла і праехала тысячы кіламетраў, каб адлюстраваць жыццёвы шлях Палуты Бадуновай – нязломнай змагаркі за незалежную Беларусь. Жыццё ў Расеі, Літве і Чэхіі, але нязменнае вяртанне на радзіму дзеля стварэння беларускай незалежнай дзяржавы. Яе вабіла паэзія, але сітуацыя на радзіме змусіла выявіць сябе ў палітыцы.

«Вобраз гэтай дзяячкі мне цалкам зразумелы. І я нават знайшла шэраг супадзенняў біяграфічных. Ужо пачынаючы з таго, што мы з ёю нарадзіліся ў адным горадзе, у адным раёне і нават на суседніх вуліцах. Я, як і яна, зведала пераслед за сваю грамадска-палітычную дзейнасць і перакананні», – гаворыць выканаўца галоўнай ролі Ларыса Шчыракова.

Шчырая і рашучая Палута Бадунова мела дар натхняць і гуртаваць людзей вакол беларускай нацыянальнай ідэі. Што было не даспадобы савецкім уладам. У 1937 г. яе арыштавалі. Пасля пяці месяцаў бязлітасных катаванняў Палуту расстралялі. Але дзейнасць яе ды іншых стваральнікаў БНР паспрыяла замацаванню нацыянальнай дзяржаўнасці.

Прэм’ера фільму – у восеньскім тэлевізійным сезоне.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары