Паводле Міністэрства адукацыі і навукі сёлета навучальны год не пачнецца ў 900 школах Данбасу. Прыйдзецца пачакаць і студэнтам ВНУ.
«У Луганскай вобласці пачнуць навучальны год 13 вышэйшых навучальных установаў, у Данецкай – 26. Не пачнуць навучальны год у Луганскай вобласці 33 ВНУ, у Данецкай – 75», – адзначыла першая намесніца Міністра адукацыі і навукі Іна Саўсун.
Агулам на Данбасе каля 147 тысяч студэнтаў прыступяць да заняткаў пазней за 1 верасня. Многія з іх збіраюцца перавесціся ў ВНУ ў больш бяспечных рэгіёнах – на дадзены момант у Міністэрстве адукацыі і навукі налічылі 8 тысяч такіх зваротаў.
[vc_single_image image=”342471″ img_size=”large”]
Для дзяцей, якія не могуць пакінуць зону правядзення антытэрарыстычнай аперацыі, распрацавалі дыстанцыйны курс навучання.
Тым часам, як паведамляе ўкраінскае выданне Vesti, у вызваленых Марыупалі і Славянску шмат дзяцей прыйшлі на лінейку з сіне-жоўтымі стужкамі ў колеры нацыянальнага сцяга.
Цікава, што адну са школаў Славянску наведаў і лідэр гурта «Океан Ельзи» Святаслаў Вакарчук.
«Гэта наймацнейшыя ўражанні апошняга часу для мяне!», – напісаў у сваім твітэры Вакарчук.
Тым часам суполка ў Facebook Nova Gorlivka сцвярджае, што ў цэнтры Горлаўкі каля двух дзесятаў баевікоў ачапілі школу. Карыстальнікі сацсетак мяркуюць, што такім чынам ствараецца «карцінка» для расійскіх СМІ. Варта дадаць, што напярэдадні прэс-цэнтр АТА паведамляў, што на 1 верасня ў горадзе мае адбыцца шэраг тэрактаў.
ЗК, belsat.eu