Суздальцаў: Палітзакладнікі не апраўдалі спадзеваў Лукашэнкі


https://youtu.be/La7qUVOxU3w
Візавыя санкцыі ў дачыненні чыноўнікаў і бізнесоўцаў аказаліся дзейнымі, упэўнены маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў. «Еўразвяз ударыў па гаманцах Лукашэнкі, і гэта для Аляксандра Рыгоравіча было вельмі балюча. Ён адчуў, што падбіраюцца да ягонай кішэні. Другое – націснулі на вельмі балючы мазоль пад назваю чэмпіянат свету па хакеі. Паводле некаторых звестак, Лукашэнка асабіста «ўклаўся» ў гэты чэмпіянат, там ягоныя асабістыя грошы, якія ён збіраецца «адбіць», – заявіў палітолаг у інтэрв’ю «Белсату».

Андрэй Суздальцаў падкрэслівае, што беларускія палітвязні – гэта закладнікі Лукашэнкі. «Гэта разменная манета для Захаду ці Усходу», – мяркуе палітолаг.

«Закладнікі не апраўдалі спадзяванняў. За іх не ўдалося атрымаць развязання праблемаў з Захадам, не атрымалася змусіць Захад пайсці на дыялог на сваіх умовах. Не атрымалася і «прадаць сітуацыю» Расеі», – гаворыць Суздальцаў. Паводле палітолага, выпускаючы палітвязняў, Лукашэнка спадзяецца ўсё ж знайсці магчымасці распачаць дыялог з ЕЗ, што, у сваю чаргу, станецца супрацьвагаю ў стасунках паміж Менскам і Масквою.

«У немалой ступені маятнікавы прынцып палітыкі Лукашэнкі – ілжывы. Паварот на Захад і чарговы дыялог пад сабою не маюць аніякага эканамічнага абгрунтавання. Ніякая Еўропа ніколі не дасць Беларусі $ 10–11 млрд датацыяў штогод, – гаворыць Андрэй Суздальцаў. – Еўропа пачынае разумець: дэманструючы жаданне пайсці на дыялог з Еўропаю, Лукашэнка мае толькі адну мэту – грошы і рэсурсы. А гэта ён можа атрымаць толькі ў Расеі. Гэтая фальшывая маятнікавая сістэма больш за ўсё раздражняе».

Тым часам кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей «поўным абсурдам» назваў меркаванні пра тое, што вызваленне Саннікава і Бандарэнкі нейкім чынам звязанае з ціскам ЕЗ і мае дачыненне да дыпламатычнага скандалу з выездам еўрапейскіх амбасадараў з Менску.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары