Кузняцоў: Чаму Беларусь адмаўляе існаванне беларускага катынскага спісу?


“Беларусь – адзіная краіна з былога СССР, што не абвесціла афіцыйнай статыстыкі пра ахвяры рэпрэсіяў 1930–1950-х гг. Гэтая праца на нулі ў нас”, – заявіў кандыдат гістарычных навук, дацэнт Ігар Кузняцоў у інтэрв’ю “Белсату”. Ён падкрэсліў, што не мае сэнсу хаваць інфармацыю таго часу – пагатоў, цяперашняе кіраўніцтва краіны ніякага дачынення да гэтых злачынстваў не мае. “Хіба гістарычныя паралелі засмучаюць”, – дадаў эксперт.

Тэрмін “Катынскае злачынства” – зборны і азначае расстрэл увесну 1940 г. 21 857 польскіх грамадзянаў, якіх трымалі ў розных лагерах і турмах НКУС. У 1990 г. савецкі прэзідэнт Міхаіл Гарбачоў перадаў польскаму боку спіс 14 552 афіцэраў польскай арміі, якія былі расстраляныя і пахаваныя на тэрыторыі СССР – у Расеі (Катынь, Калінін і Меднае) і ва Украіне (Харкаў). У 1994 г. Украіна перадала Польшчы пайменны алфавітны спіс 3435 рэпрэсаваных – зняволеных турмаў заходніх абласцей УССР.

Гісторыкі сцвярджаюць, што афіцэраў польскага войска трымалі ды расстрэльвалі і на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Да таго ж, паводле Ігара Кузняцова, кожны трэці расстраляны ў Катыні нарадзіўся ў Беларусі.

“Беларусь – адзіная з былых рэспублік СССР, у якой да канца не рэабілітаваныя ахвяры рэпрэсіяў, дзе не пастаўлена ніводнага помніка ад дзяржавы, не выпушчана ніводнай кнігі ў памяць аб ахвярах рэпрэсіяў, дзе гэтае пытанне падаўляецца, адсутнічае ў падручніках”, – зазначае гісторык. Ён упэўнены, што афіцыйны Менск адмаўляе існаванне беларускага катынскага спісу, бо апасаецца масавых матэрыяльных прэтэнзіяў ад сваякоў забітых. “Гэта могуць быць вялікія сумы. Але гэта ж не падстава адмаўляць у рэабілітацыі толькі таму, што дзяржава думае, давядзецца плаціць за гэта ці не”, – падкрэслівае Ігар Кузняцоў.

16 красавіка Еўрапейскі трыбунал правоў чалавека прызнаў расстрэл польскіх афіцэраў у Катыні ваенным злачынствам. “Суд прыйшоў да высновы, што масавы расстрэл польскіх афіцэраў – ваеннае злачынства, бо абавязак гуманна абыходзіцца з ваеннапалоннымі ды забарона на забойства былі часткаю міжнароднага права, якога савецкія ўлады мусілі былі прытрымлівацца”, – гаворыцца ў заяве трыбуналу.

belsat.eu
https://youtu.be/MFxZVz3WbJs
https://youtu.be/dGxE6q4_fSw

Глядзі таксама
Каментары