Фюле: Вяртанне амбасадараў не звязанае з вызваленнем палітвязняў


Працяглая дыпламатычная вайна паміж Менскам і Бруселем прымае новы абарот. Улады Беларусі вызвалілі экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава і ягонага паплечніка Змітра Бандарэнку.

Аднак за кратамі дагэтуль застаюцца іншыя палітвязні – сярод іх экс-кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч. А таму – як Еўропа адрэагуе на апошнія вызваленні палітвязняў? І ці дазволіць гэта Беларусі атрымаць канкрэтныя матэрыяльныя выгады ад Захаду?

«Гарачы каментар» сустрэўся са Штэфанам Фюле, еўракамісарам у пытаннях пашырэння і палітыкі суседства, у Варшаве. Сёння тут праходзіць буйная канферэнцыя «Еўрапейскі дыялог на карысць мадэрнізацыі Беларусі».

Вызваленне Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі Штэфан Фюле называе «толькі адным крокам у слушным кірунку»: «І пакуль будуць іншыя зняволеныя, мы ніяк не зможам зняць напругу ў адносінах». Аднак, кажа ён, наўрад ці Еўразвяз цяпер будзе пашыраць санкцыі супраць Беларусі.

Ці мажліва, што Еўразвяз скасуе ўжо існыя санкцыі? «Праз тыдзень будзе паседжанне міністраў замежных справаў краінаў ЕЗ, я думаю, што яны будуць вітаць вызваленне двух палітвязняў і не зробяць іншых крокаў», – гаворыць Штэфан Фюле.

Пры гэтым еўракамісар заўважае, што паміж вызваленнем палітвязняў і вяртаннем у Менск амбсадараў краінаў Еўразвязу няма сувязі: «Іх адклікалі для кансультацыяў, якія яшчэ працягваюцца <…> Як толькі яны скончацца, яны вернуцца ў Менск. Спадзяюся, улады [Беларусі – belsat.eu] не зробяць нічога, што зможа гэтаму перашкодзіць».

Варшаўскую канферэнцыю Штэфан Фюле называе адным з варыянтаў «дыялогу адносна мадэрнізацыі Беларусі, які распачаўся 29 сакавіка». Ён будзе мець некалькі кірункаў. Адзін з іх – семінары ў краінах ЕЗ, у тым ліку прысвечаныя эканоміцы і прыватызацыі. «У нас будуць чатыры працоўныя групы з удзелам Еўразвязу, грамадзянскай супольнасці, апазіцыі ды – я нават не выключаю – прадстаўнікоў наменклатуры», – дадаў еўракамісар. Таму пры спрыяльных абставінах Беларусь чакаюць не толькі карысныя рэкамендацыі, так званая дарожная карта, але і фінансавая дапамога.

belsat.eu

Стужка навінаў