Ці вызваляць Паўла Севярынца?


Адзін з сустаршыняў аргкамітэту для стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) – Павал Севярынец – можа быць умоўна-датэрмінова вызвалены 19 красавіка.

Паводле Паўла Севярынца, 19 красавіка надыходзіць тэрмін, у які яго могуць умоўна-датэрмінова вызваліць. “Аднак я ніякіх прашэнняў аб памілаванні ды ніякіх папераў аб УДВ не пісаў. Хоць у “дзяжурцы” мне кажуць, што вось Саннікава і Бандарэнку вызвалілі – можа, і ты напішаш прашэнне. Але гэта, хутчэй, на ўзроўні заўвагаў, бо ўсе ведаюць – ніякага прашэння аб памілаванні я пісаць не буду”, – заявіў Севярынец.

Ён зазначыў, што няма “ніякіх знакаў, якія сведчылі б пра магчымасці вызвалення”. “Як правіла, камісія па УДВ збіраецца ў канцы месяца і разглядае не адно ўмоўна-датэрміновае вызваленне, а некалькі такіх справаў. Справа аб УДВ у дачыненні мяне можа быць разгледжаная, а можа і не быць”, – паведаміў Севярынец.

16 траўня 2011 г. Севярынец, які падчас выбараў 2010 г. кіраваў выбарчым штабам кандыдата на прэзідэнта Віталя Рымашэўскага, быў асуджаны судом Заводскага раёну Менску на 3 гады абмежавання волі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Ён адбывае пакаранне на “хіміі” ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну Берасцейскай вобласці.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары