Вызвалены Зміцер Бандарэнка


Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, выпушчаны з магілёўскай калоніі, усцешаны вызваленнем, але не лічыць сябе вольным чалавекам у вольнай краіне. Пра гэта ён заявіў журналістам у Менску 15 красавіка.

«Не чакаў, што выйду сёння, але рады гэтаму», – сказаў Бандарэнка, падкрэсліўшы, што ягонае вызваленне ў свята Вялікадня – «гэта добры знак для Беларусі, гэта па-хрысціянску». «Гэта настолькі вялікае свята, што сёння, на мой погляд, павінны быць вызваленыя ўсе», – дадаў ён.

Паводле Бандарэнкі, пасля пададзенага ім прашэння аб памілаванні ніякага ціску і прапановаў супрацы не было. «У верасні мяне актыўна ўгаворвалі, гаварылі: ты падпісваеш і выходзіш. Але я тады адмаўляўся. Калі б я ведаў, што Саннікаў падпісаў прашэнне ў лістападзе, я таксама яго падпісаў бы. Але хачу падкрэсліць: я не прайшоў і сотай часткі таго, праз што прайшоў Саннікаў», – заявіў Бандарэнка.

Ён сказаў, што ў папраўчай калоніі № 15 Магілёва да яго ставіліся «нармальна». «Большую частку тэрміну я правёў у медычнай частцы», – сказаў Бандарэнка, адзначыўшы пры гэтым, што пачуваецца «не надта добра».

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» мяркуе, што вызваліць яго мусілі яшчэ напярэдадні, 14 красавіка. «Мабыць, у калонію позна прыйшла інфармацыя. Таму вызваленне было зусім нечаканае. Думаў, што вызваляць праз два тыдні, а ў выніку паведамілі пра вызваленне і далі на зборы хвілінаў 12–15», – сказаў Бандарэнка.

Ён адказаў на пытанне пра спробы вербавання з боку праваахоўных органаў. «Калі я сядзеў у КДБ, мяне спрабавалі вербаваць. Маглі б выпусціць адразу. Першае пытанне мне было: давайце, сайт «Хартыі» будзе працаваць пад кантролем, і мы вас адпусцім. Я адмовіўся», – паведаміў Бандарэнка.

Ён не лічыць сябе вольным чалавекам, які жыве ў вольнай краіне. «Я закладнік, мае родныя і сябры – таксама закладнікі. Рэальныя закладнікі застаюцца за кратамі», – сказаў Бандарэнка.

Пры гэтым ён нагадаў пра зняволеных Змітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, прадстаўнікоў анархісцкага руху. «Гэта ненармальна для еўрапейскай краіны ў XXI стагоддзі. Трэба вызваляць гэтых людзей, і як мага хутчэй», – падкрэсліў Бандарэнка.

На пытанне, ці плануе ён працягваць займацца палітыкаю, былы палітвязень адказаў сцвярджальна: «Так. Увогуле, так».

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. Бандарэнка быў адною з ключавых фігураў каманды кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, асуджанага паводле справы аб масавых беспарадках 19 снежня. Саннікаў адбываў пакаранне ў калоніі «Віцьба-3», а ўчора, 14 красавіка, яго вызвалілі на ўказ Аляксандра Лукашэнкі. Бандарэнка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 г. у яго абвастрыліся хранічныя хваробы, у ліпені 2011 г. яму зрабілі аперацыю на хрыбетніку.

Напрыканцы студзеня сёлета Бандарэнку прызначылі больш жорсткія ўмовы ўтрымання ў калоніі, нягледзячы на цяжкі стан здароўя: яго абавязалі выходзіць на працу, на паверку на пляц, хадзіць у шэрагу і нават забаранілі карыстацца мыліцаю.

Пасля таго як 1 лютага асуджаны палітык напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, яму дазволілі карыстацца мыліцаю.

Сваякі і праваабаронцы расцэньваюць такія дзеянні ў дачыненні палітзняволенага як катаванні. Скарга з просьбаю расследаваць факты прымянення катаванняў да Бандарэнкі накіраваная ў ААН.

belsat.eu

https://youtu.be/mx8-i3TeKao
https://youtu.be/j4D4wl8bvbM
https://youtu.be/au55h6QBYow

Глядзі таксама
Каментары