Вусаў: Для Масквы Лукашэнка застаецца найлепшым варыянтам


“Малочныя” і “газавыя” войны, сталыя канфлікты Лукашэнкі з краінамі Захаду і чаканне “братэрскай дапамогі” з боку Расеі. Цяперашні кіраўнік Беларусі – не самы прадказальны для Масквы, аднак менавіта на яго дагэтуль робіць стаўку Крэмль. “Маскве важна, каб у Беларусі заставаўся аўтарытарны рэжым”, – мяркуе палітолаг Павал Вусаў, госць праграмы “Тыдзень у “Аб’ектыве”.

“Для Масквы Лукашэнка – найлепшы варыянт, – гаворыць Павал Вусаў. – Магчыма, яны б хацелі замяніць яго на больш лагоднага і прадказальнага партнёра, але пакуль у Беларусі аўтарытарызм у той форме, у якой ён існуе, Беларусь не можа зварухнуцца ў кірунку Захаду. Для Захаду ж праблема ў тым, што ён не можа змяніць гэтага рэжыму”.

Дэмакратычных зменаў і палітычных саступак ад афіцыйнага Менску дамагаюцца краіны Захаду. Аднак Павал Вусаў падкрэслівае, што канкрэтнага плану развіцця дачынненяў з Беларуссю ў Бруселі няма. “У Еўразвязу не існуе стратэгіі на перспектыву – што рабіць з Беларуссю, калі зменіцца аўтарытарны рэжым. Пытанне – ці ўвойдзе Беларусь у Еўразвяз, калі зменіцца палітычны рэжым у Беларусі, не падымаецца”, – падкрэсліў эксперт.

Кіраўнік Беларусі, у сваю чаргу, змякчыў сваю рыторыку ў дачыненні заходніх краінаў пасля таго, як стала зразумела, што Расея не збіраецца падтрымліваць яго ў “дыпламатычнай вайне” з Захадам. “Нам гэтая вайна не патрэбная яшчэ і таму, што не хацелася б, каб мы перагружалі Расею сваімі праблемамі. Расея будзе нас абараняць на страту сабе. У Расеі сваіх праблемаў дастаткова”, – цытуе Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.

belsat.eu

Стужка навінаў