Аўкцыён прыладаў катаванняў забаранілі


У Парыжы збіраліся прадаць калекцыю французскага ката, які выконваў смяротныя пакаранні ў Алжыры.
Час правядзення імпрэзы палічылі неадпаведным: паўночна-афрыканская краіна якраз рыхтуецца да святкавання 50-годдзя незалежнасці. Гэта адбылося пад ціскам праваабаронцаў і на фоне крытычных выказванняў міністра культуры Францыі Фрэдэрыка Мітэрана.
З малатка мелі пайсці некалькі соцень прыладаў катаванняў – кайданкі, ланцугі, пугі, маскі, а таксама дакументы.
У сям’і Фэрнана Мэйсанье рамяство ката перадавалася з пакалення ў пакаленне, ад бацькі да сына. У Алжыры ён працаваў галоўным выканаўцам судовых рашэнняў у крымінальных справах ад 1957 да 1961 г. За гэты час ён пакараў смерцю больш за дзвесце чалавек. Мэйсанье памёр у 2008 г. Пасля гэтага сваякі вырашылі прадаць ягоную калекцыю.
За 600–800 еўраў прапаноўвалася набыць копію прылады “жалезная панна” з пап’е-машэ (Жалезная шафа ў выглядзе жанчыны, убранай у касцюм гараджанкі XVI ст. Паставіўшы туды асуджанага, шафу зачынялі, а вострыя доўгія цвікі на ўнутранай паверхні грудзей і рук “жалезнай панны” ўпіваліся ў ягонае цела). За 1000–1200 еўра – мячы розных катаў, якія адбіралі жыццё ў прадстаўнікоў высокіх родаў.
Адзін з арганізатараў аўкцыёну Бэртран Карнэт называе забарону акцыі непаразуменнем, а супадзенне датаў – выпадковасцю. Паводле яго, галоўная прычына ў тым, што шмат хто памылкова думае, быццам з малатка хацелі пусціць прылады працы, якія Мэйсанье выкарыстоўваў у Алжыры. Насамрэч гэта калекцыя, якая распавядае пра сістэму катаванняў і пакаранняў у перыяд ад Сярэднявечча да Французскай рэвалюцыі.
У мемуарах, апублікаваных незадоўга да смерці, Мэйсанье распавядае, як выканаў першы прысуд у 1947 г., калі яму было ўсяго шаснаццаць гадоў. Ён адбіраў жыццё пераважна ў алжырцаў, якія змагаліся супраць французскага панавання ў краіне. Пасля сыходу на пенсію ў 1961 г., незадоўга да незалежнасці Алжыру, ён пераехаў на Таіці, а пазней вярнуўся ў Францыю, дзе адкрыў музей катаванняў.
belsat.eu

Стужка навінаў