Культурна-масавы БХД


У судзе Партызанскага раёну Менску адбыўся суд паводле позвы аргкамітэту для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) да Палацу культуры Менскага трактарнага заводу.

Падчас з’езду БХД 17 снежня а 17:30 на загад дырэктара ПК МТЗ у актавай зале, дзе адбываўся з’езд, адключылі асвятленне. Пры гэтым арэнда залы была своечасова і цалкам аплачаная да 19:00. Асвятленне адключылі, калі на сцэне з’явіўся беларускі музыка Лявон Вольскі.

У судзе былі заслуханыя пазіцыі бакоў. Як паведаміў адказны сакратар аргкамітэту для стварэння БХД Дзяніс Садоўскі, юрыст адказчыка сцвярджаў у судзе, што арганізатары з’езду мелі намер зладзіць камерцыйны канцэрт, праграма якога не была ўзгодненая з палацам. «Мы ж кажам, што Вольскі проста збіраўся падтрымаць з’езд, унесці ў яго святочную атмасферу. Мы ж не прадавалі ніякіх квіткоў», – патлумачыў Садоўскі.

«Ніякіх фактаў з боку адказчыка не прадстаўлена, – расказаў ён. – Выключна спасылкі на закон – аб правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў, аб продажы квіткоў, што ўвогуле нас ніяк не датычыцца. І пра гэта яскрава сведчыць першы сказ гэтага закону. Таму відавочна, што справа, як заўсёды, палітычная. Суддзя паводзіў сабе даволі карэктна, затое некарэктнымі, нават хамскімі былі паводзіны прадстаўніка адказчыка, які пасля судовага пасяджэння ў адкрытую абражаў мяне. І гэта, безумоўна, знойдзе адлюстраванне яшчэ ў адной скарзе. Такі вось вынік сённяшняга паседжання».

Судовы разбор працягнецца 16 красавіка а 15:00 у судзе Партызанскага раёну сталіцы.

belsat.eu
https://youtu.be/0vzjWhIqSm8

Глядзі таксама
Каментары