Стогадовы вучань


Амаль стогадовы жыхар амерыканскага гораду Нью-Гэйвэн (New Haven, штат Канэктыкут) даказаў, што вучыцца ніколі не позна.

Джэймзу Аруду Гэнры (James Arruda Henry) – 98, і да нядаўняга часу ён не мог не тое што напісаць, а нават прачытаць свайго імя.

Пасля 95-ці ён пачаў вучыцца чытаць і пісаць з дапамогаю настаўніка-валанцёра. Набытыя веды Джэймз выкарыстаў для напісання кнігі «На рыбацкай мове». Аўтабіяграфічная кніга распавядае пра ягонае падарожжа ў Амерыку з Азорскіх выспаў, дзе ён стаў капітанам рыбацкага чаўна.

Гісторыя Гэнры натхняе дзяцей вучыцца чытаць. Яго рэгулярна наведваюць вучні мясцовай школы, якіх ён заклікае іх заўзята вучыцца, каб яны не страцілі магчымасцяў, якіх у Джэймза ніколі не было.

«Я так вам скажу: пачуваюся, нібыта нарадзіўся зноў. Крок за крокам я ішоў да мэты і дзякую Богу за гэта, бо я заўсёды хацеў вучыцца і ніколі не меў гэтай магчымасці. Я буду працягваць працаваць і штосьці рабіць», – кажа ён.

На знак удзячнасці дзеці падаравалі Гэнры кнігу, напісаную ўсім класам. Збор дзіцячых тэкстаў ёсць трыб´ютам да ягонай кнігі ды называецца «На мове трэцякласніка».

«Я ганаруся тым, чаго здолеў дасягнуць. Ніколі не думаў, што гэтая кніга… яна такая маленькая і адначасова вялікая. І скажу вам: мне пішуць з усіх краінаў, і ўсе гэтыя лісты змушаюць мяне плакаць. Я плачу, калі чытаю іх. Мне нават цяжка брацца за іх. І мне, як і цяпер, нават не стае сурвэтак, каб выціраць вочы», – кажа Гэнры.

Кнігу «На рыбацкай мове» разашлюць у школы ўсіх штатаў краіны. Джэймз спадзяецца, што з яе дапамогаю не толькі дзеці, але і дарослыя, якія апынуліся ў ягонай сітуацыі, пераадолеюць сорам і возьмуцца за навучанне.

belsat.eu

Стужка навінаў