Аляксандр Класкоўскі: на сёння для апазіцыі няма пераможнай стратэгіі


Тым болей, не ёсць ёю байкот парламенцкіх выбараў, які, паводле апытання НІСЭПД, падтрымліваюць каля 10 % грамадства. Палітолаг разважае, чаму прапановы апанентаў ўладаў не знаходзяць падтрымання ў грамадства.

«У тым, што апазіцыя сёння дэ-факта не ёсць гульцом на ўнутрыпалітычным полі, ёсць і яе віна. Усе гэтыя няспынныя сваркі, змаганні амбіцыяў – усё гэта ўжо зрабілася пагалоскаю. Але разам з гэтым у такой жорсткай аўтарытарнай сістэме проста няма месца моцнай апазіцыі – яе маргіналізуюць, нашпігоўваюць агентамі і г. д. Таму ў сённяшніх умовах увогуле нельга казаць пра нейкую перамаганосную стратэгію», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Нягледзячы на гэта, палітолаг падкрэслівае, што заўсёды існуе стратэгія аптымальная. Гэта перадусім аб’яднанне дэмакратычных сілаў, якое не можа адбыцца ўжо з 2006 г. Замест гэтага апазіцыя выбірае байкот, які, паводле апошняга апытання НІСЭПД, падтрымліваюць 10 % грамадства.

«Трэба не з вышыні нейкіх сваіх прынцыпаў ісці ў кампанію, а сыходзячы са стану масавай свядомасці. А яна зусім не такая, што праз байкот можна прыйсці да падзення рэжыму», – падкрэслівае палітолаг.

Сёння давер грамадства да ўладаў нізкі, а да традыцыйнай апазіцыі яшчэ меншы, відаць новая тэндэнцыя – запатрабаванасць «трэцяй сілы». Каля чвэрці беларусаў чакаюць, што краіну вернуць на слушны курс «прагрэсіўныя прадстаўнікі грамадскасці, не звязаныя ні з уладамі, ні з апазіцыяй». Аднак палітолаг сцвярджае, што «трэцяя сіла» – гэта міф.

«Шмат якія палітыкі намагаліся ў свой час падняць гэтую ідэю: Аляксандр Казулін, Аляксандр Ярашук, а нядаўна Алесь Міхалевіч. Гэта, з аднаго боку, сведчыць пра нізкі аўтарытэт тытульнай апазіцыі, бо сабраны за 17 гадоў шлейф паразаў змяншае спадзяванні на гэтых лідараў. Таму нейкі ўяўны дзеяч не звязаны з апазіцыяй і не марыянетка ўладаў. Але як толькі ўлады адчуваюць, што гэты чалавек уяўляе небяспеку, яна заганяе яго ў гэтае ж апазіцыйнае гета», – кажа палітолаг.

Разам з гэтым, рост даверу да прэзідэнта сведчыць аб патэрналізме беларускага грамадства. Палітолаг падкрэслівае, што большасць не гатовая да дзеянняў. Гаворка вядзецца не пра выхад на вуліцы, а нават пра звычайныя грамадскія ініцыятывы.

«Яны лічаць за лепшае неяк ператрываць гэты крызіс – ізноў жа спадзяванні на нейкае паляпшэнне з’явіліся. І асноўная думка – «дзяржава ўсё вырашыць». Шмат для каго дэмакратыя і рынкавая эканоміка – гэта такія рэчы, якія здаюцца дастаткова хісткімі, а гэтая «чарка і шкварка», гэтая пайка, якую дае ўлада – якраз тая сініца ў руцэ, якая задавальняе», – канстатуе Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў