Затрыманых у Воршы палітыкаў вызвалілі ў зале суда


Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін і прэс-сакратар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Аляксандр Атрошчанкаў аштрафаваныя аршанскім судом на 350 000 рублёў кожны. Такі вердыкт вынесла ўвечары 29 сакавіка суддзя Наталля Байцова.

Лябедзька, Калякін і Атрошчанкаў былі знятыя з цягніка Менск – Масква ў Воршы ў ноч з 27 на 28 сакавіка. З расейскай сталіцы яны збіраліся вылецець у Брусель, дзе планаваліся сустрэчы з прадстаўнікамі Еўразвязу.

Як паведаміў Аляксандр Атрошчанкаў, суд прызнаў іх вінаватымі ў дробным хуліганстве паводле арт. 17.1 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях (нецэнзурная лаянка).

“Нас затрымалі паводле надуманай нагоды. Амаль два дні пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрымання. Відавочна, што гэта звязана з нашым намерам ехаць у Брусель, а таксама даць у Маскве інтэрв’ю журналістам. У выніку паездку нам сарвалі”, – сказаў Атрошчанкаў.

Тое, што адбывалася сёння ў судзе Воршы і Аршанскага раёну, Атрошчанкаў лічыць “ганьбаю” для праваахоўных органаў. “Сведкі не маглі толкам сказаць, як і дзе мы лаяліся. Сказалі, што я размахваў рукамі ў вагоне”, – сказаў палітык.

Нагадаем, судовае пасяджэнне ў Воршы было закрытае, на судзе прысутнічалі толькі сем сведак. Атрошчанкаў заявіў хадайніцтва аб найманні адваката, аднак суддзя адмовіла яму ў гэтым, прапанаваўшы наўзамен даць дзяржаўнага абаронцу. Атрошчанкаў на такое не пагадзіўся.

Паводле Атрошчанкава, яны плануюць абскардзіць дзеянні міліцыі ды судовых органаў, а таксама высветліць, “хто стаіць за гэтым”. “Затрымоўваў нас не Лукашэнка, а канкрэтныя людзі, таму мы маем намер высветліць, хто яны”, – сказаў ён.

Спачатку мытнікі заявілі, што апазіцыянеры падазраюцца ў транспартаванні наркатычных сродкаў, пазней стала вядома, што іх вінавацяць у дробным хуліганстве, нібыта здзейсненым у цягніку. Чакалася, што затрыманых асудзяць у судзе Воршы і Аршанскага раёну ў той жа дзень, але працэсы без тлумачэння прычынаў перанеслі на 29 сакавіка. Увесь гэты час Лябедзька, Калякін і Атрошчанкаў заставаліся ў ізалятары часовага ўтрымання ў Воршы.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары