Літва звярнулася ў UNESCO ў справе беларускай АЭС


Літоўцы заклікаюць Беларусь змяніць месца будовы электрастанцыі, якое зараз вызначанае за 50 км ад Вільні.

“У літоўскай грамадскасці да гэтага часу недастаткова інфармацыі аб магчымым уздзеянні планаванай АЭС на навакольнае асяроддзе, на ўмовы жыцця больш як 1 млн жыхароў, экасістэму ракі Нерыс, што цячэ праз Вільню, а таксама гідралагічны і тэрмічны рэжым. Таксама невядома, якія захады прадугледжваюцца для выкарыстання ядравага паліва, якія ўмовы эвакуацыі будуць створаныя для жыхароў Вільні ў выпадку аварыі”, – паведамляе Літоўская нацыянальная камісія UNESCO.

Камісія падкрэслівае, што будаўніцтва АЭС можа аказаць уплыў на большую частку тэрыторыі Літвы і яе жыхароў, стварыць патэнцыйную пагрозу гістарычнаму цэнтру літоўскай сталіцы, які мае выключную гістарычную каштоўнасць.

Беларускія эколагі, якія таксама выступаюць супраць будаўніцтва атамнай станцыі ды лічаць яе спробаю паставіць Беларусь яшчэ ў большую залежнасць ад энергарэсурсаў Расеі, лічаць намаганні Літвы малаэфектыўнымі.

“Пакуль Літва дзеіць адна, без падтрымання іншых еўрапейскіх дзяржаваў, яна не здолее паўплываць на рашэнне ўладаў Беларусі будаваць АЭС ці хаця б перанесці яе далей ад Вільні, – адзначае каардынатар экалагічнага таварыства “Зялёная сетка” Яраслаў Бекіш. – Паўплываць на сітуацыю могуць толькі кансалідаваныя дзеянні ўсіх краінаў Еўразвязу ці прынамсі змена пазіцыі Латвіі, якая пакуль падтрымлівае ідэю будаўніцтва”.

На меркаванне эксперта, найбольш дзейсны механізм – Канвенцыя Эспа аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў транспамежным кантэксце.

“Калі Літва, Латвія, Польшча і Украіна згодна з Канвенцыяй выпрацуюць адзіную пазіцыю аб беларускай АЭС, то іх супольныя дзеянні могуць прынесці вынік”, – падзяліўся эксперт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары