"Белнафтахім" падыме кошты на паліва, але санкцыі тут ні пры чым


Канцэрн “Белнафтахім” абяцае падвысіць кошты на аўтамабільнае паліва на ўнутраным рынку, калі Еўразвяз пашырыць эканамічныя санкцыі ў дачыненні беларускіх прадпрыемстваў.

“Канцэрн адмоўна ставіцца да магчымага пашырэння санкцыяў у дачыненні Беларусі ды сваіх прадпрыемстваў. Калі нафтаперапрацоўчыя заводы не змогуць дзякуючы экспартным продажам падтрымліваць кошты на ўнутраным рынку на сацыяльна нізкім узроўні, яны вырастуць”, – адзначыла прэс-сакратар канцэрну “Белнафтахім” Марына Касцючэнка ў інтэрв’ю агенцыі “Интерфакс-Запад”.

Эканамістка Таццяна Манёнак заўважае, што пакуль эканамічныя абмежаванні ЕЗ не закранулі канцэрну “Белнафтахім”, і размова ідзе толькі пра гіпатэтычную магчымасць. Тым не менш, кошты на аўтамабільнае паліва ў любым разе вырастуць, бо каб нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы мелі прыбытак, літр мае каштаваць 1 долар. Калі летась паліва даражэла 11 разоў, то сёлета пакуль адбылося толькі адно павышэнне.

“На сусветным рынку нафта ўвесь час падымаецца ў кошце, таму Беларусь не застанецца ў баку ад гэтага працэсу, і эканамічныя санкцыі ЕЗ тут ні пры чым. Яшчэ ў 2011 г. прынялі рашэнне спыніць перакрыжаванае субсідаванне нафтахімічнай галіны. Пакуль кошты на паліва не падымуцца да расейскіх, падаражанне будзе працягвацца”, – адзначыла экспертка.

Прэс-сакратар “Белнафтахіму” абвінавачвае аналагічныя прадпрыемствы Еўразвязу ў нядобрасумленнай канкурэнцыі, якую могуць спарадзіць эканамічныя санкцыі. Палітолаг жа Валер Карбалевіч бачыць у гэтай заяве спробу ўладаў наставіць звычайных грамадзянаў супраць апазіцыі, якая патрабуе пашырэння санкцыяў.

“Улады збіраюцца перакласці эканамічныя праблемы з хворай галавы на здаровую. Нават Дзень Волі яны называюць акцыяй падтрымання эканамічных санкцыяў”, – зазначыў палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў