Мікалай Аўтуховіч – 5 гадоў і 2 месяцы


Ваўкавыскі прадпрымальнік трапіў за краты праз незаконнае захоўванне і перавоз пяці патронаў да паляўнічай стрэльбы. Праваабаронцы лічаць гэта помстаю за тое, што прадпрымальнік абвінаваціў мясцовыя ўлады ў карупцыі.

У сярэдзіне снежня 2011 г. зняволены перарэзаў сабе вены, каб яго перавялі з камеры са зняволенымі найніжэйшага статусу (т. зв. «апушчанымі»). Аўтуховіч падчас свайго прабывання ў Ваўкавыскай калоніі нібыта 10 разоў парушыў рэжым. Адміністрацыя калоніі палічыла, што вязень «не стаў на шлях выпраўлення», а гэта адна з умоваў датэрміновага вызвалення. У студзені 2012 г. рашэннем суда яго перавялі ў турму, дзе ўмовы ўтрымання больш жорсткія, чымся ў калоніі.

«Я пратэстую, бо бачу жыццё такім, якое яно ёсць, а не такім, якім хочуць яго бачыць улады. Няхай людзі ведаюць, што не ўсе гінуць ад паноўнага бяспраўя і не з кожнага можна зрабіць жывёлу. Я не гандлюю сваім сумленнем, я быў, ёсць і застануся чалавекам, які не пройдзе абыякава міма зла і не будзе маўчаць», – заявіў Аўтуховіч, выслухаўшы прысуд аб змене пакарання.

Упершыню прадпрымальнік трапіў у турму ў 2006 г. паводле абвінавачання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Пасля працяглага галадавання ён дамогся змены прысуду на абмежаванне свабоды.

Мікалая Аўтуховіча арыштавалі 8 лютага 2009 г., асудзілі 6 траўня 2010 г. на 5 гадоў і 2 месяцы пазбаўлення волі, цяпер ён адбывае пакаранне ў турме № 1 у Горадні.

Глядзі таксама
Каментары