Апытанне: Ці аддалі б вы кватэру дзяржаве?


«За яблык і тварог?» – народ не хавае скепсісу. Журналісты «Белсату» запыталі жыхароў сталіцы пра іхнае стаўленне да законапраекту, паводле якога людзям сталага ўзросту прапануюць аддаць дзяржаве сваё жытло ў абмен на штомесячную грашовую дапамогу.

Толькі тры чалавекі лічаць гэта добрым выйсцем. «Калі б быў адзінокі – якая розніца, каму?» – разважае мужчына, выказваючы спадзеў, што дзяржава потым аддасць жытло таму, каму яно сапраўды патрэбнае. Іншая апытаная лічыць гэта нармальным выйсцем з сітуацыі, калі ў яе не застанецца нашчадкаў: «Такая практыка існуе ў суседніх краінах». Наступная рэспандэнтка перакананая, што рабіць гэтага нельга, калі ёсць дзеці, якім трэба жытло: «Калі іх няма – дык якая розніца, калі табе дапамогуць?»

Аднак пераважная большасць рэспандэнтаў выказалася супраць. Галоўная прычына – адсутнасць даверу да дзяржавы, у тым ліку з прычыны апошняй дэвальвацыі: «Апошнім часам дзяржава не выконвае сваіх абяцанняў», – заявіла жыхарка Менску. «Я лічу, што дзяржаве нельга даваць нічога. У тым ліку і кватэру», – коратка падсумаваў наступны рэспандэнт.

«Лепш аддаць грошы чалавеку, які будзе пра цябе клапаціцца», – мяркуе наступны апытаны. «Так, як блізкія людзі, не дагледзіць ніхто», – згаджаецца з гэтым меркаваннем яшчэ адна жанчына.

Некалькі чалавек выказалі думку, што кватэру лепш прадаць, а за гэтыя грошы жыць: «Лепш чалавек прадасць гэтую кватэру і будзе жыць на гэтыя грошы і харчавацца на гэтыя грошы, чым проста так аддаваць і атрымліваць за гэта яблык і тварог», – не хавае скепсісу яшчэ адна апытаная.

Маладыя людзі збіраюцца самі зарабіць сабе на старасць. Як варыянт – прадаць кватэру і пасяліцца ў прыватным пансіянаце. «У нашых дзіцячых дамах, дамах састарэлых, шпіталях умовы не тыя, дый стаўленне да людзей у нас не еўрапейскага ўзроўню. Таму я не раіў бы людзям увязвацца ў такога кшталту аферы з дзяржаваю», – выказаў сваё меркаванне рэспандэнт.

belsat.eu

Стужка навінаў