Беларусь трапіла ў спіс найлепшых месцаў для святкавання Калядаў


У рэйтынгу CNN нашая краіна заняла трэцяе месца, абагнаўшы Брытанію, Аўстралію і Кітай.

Аўтары штомесячнай праграмы “CNNGo”, якая нядаўна з’явілася на тэлеканале CNN, палічылі, што Беларусь на Раство можа быць цікавая для замежных турыстаў паганскім святам Каляды – народным абрадам, які раней быў спалучаны з хрысціянскім Новым годам і Раством.

Далучыцца да народных Калядаў CNN раіць у беларускай вёсцы Пагост, дзе яшчэ памятаюць пра старажытныя традыцыі. Мясцовыя жыхары на Каляды апранаюць шкуры звяроў і ходзяць па вёсцы калядаваць, моладзь ладзіць народныя гульні, спявае песні.

Турыстычная аглядальніца Лілія Кобзік адзначае: “Беларусь сапраўды цікавая замежнаму турысту сваёй некранутасцю і аўтэнтычнасцю. Спадзяюся, калі нашыя ўлады зразумеюць гэта, будзе створаная інфраструктура, без якой немагчыма ўявіць масавыя турыстычныя паездкі”.

Найлепшым у свеце месцам для правядзення калядных вакацыяў некалькі гадоў запар застаецца сталіца Ісландыі Рэйк’явік, дзе можна ўбачыць эльфаў, з Раством віншуюць адразу 13 Санта-Кляўсаў замест традыцыйнага аднаго, а святкаванне з феерверкамі, кастрамі і званамі пачынаецца 12 снежня і цягнецца да 6 студзеня. На другім месцы – нямецкі Нюрнбэрґ, знакаміты сваім калядным кірмашом. Штогод сюды прыязджаюць да 2 млн турыстаў з усяго свету.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары