Хто ёсць кім у пашыраным чорным спісе


Афіцыйны часопіс Еўразвязу апублікаваў прозвішчы 12 грамадзянаў Беларусі і 29 беларускіх прадпрыемстваў, у дачыненні якіх 23 сакавіка ўвялі візавыя і эканамічныя санкцыі.

У спіс уключаныя:

Анжэліка Мазоўка – суддзя суда Савецкага раёну Менску. Уключаная ў спіс за «неаднаразовыя прысуды супраць мірных дэманстрантаў».

Юрый Чыж – бізнесовец, забяспечвае фінансавае падтрыманне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Уладальнік кампаніі «Трайпл», старшыня Беларускай федэрацыі вольнай барацьбы.

Анатоль Цярнаўскі – асоба прыбліжаная да сям’і Лукашэнкі. Спонсар прэзідэнцкага спартовага клубу. Уладальнік кампаніі «Univest-M», кантралюе частку нафтавай галіны краіны.

Алена Жук – суддзя Першамайскага раёну Віцебску. Яна асудзіла Сяргея Каваленку і «адмовіла яму ў праве справядлівага суда».

Дзмітрый Лутаў – пракурор на працэсе Сяргея Каваленкі. Паводле дакументу, абвінавачанне і турэмны тэрмін не адпавядалі ўчынку, які здзейсніў палітвязень.

Хазалбек Атабекаў – палкоўнік брыгады спецыяльных войскаў ва Уруччы. Кіраваў на месцы разгонам мірнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 г.

Алег Чарнышоў – палкоўнік антытэрарыстычнага атраду КДБ «Альфа». Асабіста ўдзельнічаў у здзеках з затрыманых падчас дэманстрацыі 19 снежня 2010 г.

Аляксей Арлоў – палкоўнік, начальнік СІЗА КДБ у Менску. Асабіста адказны за здзек з палітвязняў.

Іван Санько – маёр, следчы КДБ. Ягонае следства абапіралася на надуманыя доказы, у выніку чаго за краты трапілі шматлікія мірныя дэманстранты.

Павал Траулька – падпалкоўнік, былы агент вайсковай контрвыведкі КДБ СССР, сёння – старшыня Следчага камітэту. Фальсіфікаваў доказы і пагражаў затрыманым падчас дэманстрацыі 19 снежня 2010 г.

Дзмітрый Сухаў – падпалкоўнік аператыўна-вайсковай выведкі КДБ. Пагрозамі здабываў прызнанні ад затрыманых падчас мірнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 г.

Сяргей Алінікаў – кіраўнік шклоўскай калоніі ІК-17. Менавіта ён не дазваляў палітвязням атрымліваць лісты, усяляк намагаўся ізаляваць іх ад свету за мурамі калоніі ды не дазваляў сустрэчаў з адвакатамі.

Вадзім Шамёнаў – капітан, аператыўны аддзел Шклоўскай калоніі. Адказны за ціск на палітвязняў, парушаў іхнае права на ліставанне.

Санкцыі таксама ўвялі ў дачыненні васьмі прадпрыемстваў, падкантрольных бізнесоўцу Уладзіміру Пефціеву, які ўжо ўключаны ў чорны спіс: «Дзелавая сетка», «Сістэмы інвестыцыяў ды інавацыяў», «Сен-Ко», «БТ Інвест», завод «Аквадыў», «Белтэх Холдынг», «Тэхнасаюзпрыбор», «Спецпрыборасервіс».

У спіс таксама ўключылі 18 кампаніяў, да якіх мае дачыненне Юрый Чыж: гэта «Трайпл», «НафтаХімТрэйдынг», Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў «Трайпл-Тэхна», «Прастормаркет», «Ракаўскi бровар», «Аскаргатэрмінал», «ТрайплМеталТрэйд»,«Варыянт», «Трайпл-дэкор», «Кварцмелпрам», «Альтэрсалюшнз», «Акватрайпл», «ГСАК», «Лагойск», «Трайпл-Агра», футбольны клуб «Дынама» (Менск), «Трайплфарм», «Трафл-Вялес».

Санкцыі таксама ўвялі супраць кампаніі бізнесоўца Анатоля Цярнаўскага «Юнівест-М» і даччыных прадпрыемстваў «Юніс Ойл» і «ЮнівестБудІнвест».

Спіс ухвалілі міністры замежных справаў 27 краінаў Еўразвязу на паседжанні ў Бруселі 23 сакавіка.

Такім чынам, цяпер у чорным спісе ЕЗ 243 прыватныя асобы і 32 прадпрыемствы Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў