Палітычны сканэр кандыдатаў на прэзідэнцтва


Белсат” працягвае досыць падрабязна асвятляць перадвыбарчую кампанію ў Беларусі – у прыватнасці, як мага падрабязней прэзентаваць кандыдатаў на прэзідэнцтва. З 6 снежня штодня ў эфір выходзіць праграма “Два на аднаго”.

Фармат наступны: два вядоўцы, Дзмітрый Гурневіч і Павал Мажэйка, вядомыя з праграмаў “ПраСвет” і “Госць “Белсату”, размаўляюць з прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта. Яны не гуляюць, як можна падумаць, у добрага і злога следчых. Нязручныя пытанні задаюць палітыкам абодва. Вядоўцы кажуць, што дапамагаюць гледачам высветліць, хто найбольш варты іхнага даверу, чым альтэрнатыўныя кандыдаты лепшыя за Аляксандра Лукашэнку.

Праграма ўтрымлівае дасье на кандыдатаў  і сюжэты аб праблемах, якія турбуюць маладых выбарнікаў. Кожнай праблемнай тэме адпавядае літара, першая ў слове-акрэсленні (“войска”, “алкаголь”, “інваліды”, “наркаманія”, “жыллё” і гэтак далей). Праз лёсаванне літара, што азначае тую альбо іншую праблему, дастаецца для развагаў пэўнаму палітыку.

Першым насупраць Гурневіча і Мажэйкі сеў Алесь Міхалевіч. Далей штодня ў праграме “Два на аднаго” з’явяўляюцца астатнія кандыдаты. Апрача Аляксандра Лукашэнкі, які адмовіўся ад удзелу, ды Змітра Вуса, які не змог прыняць удзел у перадачы з-за хваробы. Наступным кандыдатам, які адкажа на пытанні «Белсату», будзе Віталь Рымашэўскі. Выступы кандыдатаў можна паглядзець у эфіры Белсата ў 22.00. Віктар Цярэшчанка выступіць 9 снежня, Андрэй Саннікаў – 11 снежня, Яраслаў Раманчук – 13 снежня, Рыгор Кастусёў – 14 снежня, Мікалай Статкевіч – 15 снежня, і Уладзімір Няклаеў – 16 снежня.

Уражанні пасля першых праграмаў.

Алесь Міхалевіч пазіцыянуе сябе як кандыдата, які не за дзейных уладаў і не за апазіцыю, хоць яшчэ нядаўна змагаўся за пасаду старшыні апазіцыйнай Партыі БНФ. “Як даўно вы не апазіцыя?” – спыталі ў Міхалевіча. Ён адказаў, што за пасаду кіраўніка БНФ змагаўся з праграмаю мадэрнізацыі партыі, а цяпер вырашыў мадэрнізаваць усю краіну. “Погляды ў мяне засталіся тыя самыя – я за незалежную Беларусь, прававую дзяржаву, рынкавую эканоміку”. Са словаў Міхалевчіа, ягоныя погляды вельмі блізкія да фронтаўскіх, а вось “шлях да перамогі можа адрознівацца”. “Я адзіны кандыдат, які не крытыкуе ні ўладаў, ні апазіцыі, бо мы не маем нічога новага дадаць. Я проста прэзентую сваю праграму: што буду рабіць, як стану прэзідэнтам”, – кажа кандыдат-мадэрнізатар.

Таксама Міхалевіч распавёў пра тое, як рэагуе на прылеплены яму імідж спарынг-партнёра Лукашэнкі; ці не Оўбама ягоны кумір, бо іхнія перадвыбарчыя лозунгі надта падобныя; якім будзе сярэдні заробак беларусаў на другім месяцы ягонага прэзідэнцтва. Міхалевіч, дарэчы, кажа, што не збіраецца “ўдзельнічаць у конкурсе абяцанняў”, бо грошай на рост заробкаў і пенсіяў у бюджэце няма. І ўвогуле ён лічыць, што найбліжэйшым часам, хто б ні быў на чале краіны, сітуацыя пагоршыцца.

Першы ўказ прэзідэнта Міхалевіча будзе пра статус папярэдняга кіраўніка Беларусі, бо “не ўсё, што звязана з Аляксандрам Лукашэнкам, было дрэннае”. Дарэчы, наймаладзейшы кандыдат на прэзідэнцтва называе Лукашэнку самым вядомым брэндам нашай краіны – разам з Чарнобылем. Што тычыцца праблемнай тэмы, то Міхалевічу дасталася наркаманія: дарэчы, кандыдат разважаў пра яе на мяжы ўхвалы легалізацыі лёгкіх наркотыкаў.

Увечары 8 снежня на “допыце” быў Віталь Рымашэўскі. Ён адказаў на пытанні пра перспектыву Плошчы ў звязку з тым, што на яе рэпетыцыю 24 лістапада прыйшлі ўсяго паўтары тысячы чалавек; пра тое, ці будуць пры ўладзе за прэзідэнтам Рымашэўскім атэісты ды вернікі-нехрысціяне; што азначае абяцанне заробку еўрапейскага ўзроўню – ці 3 тысячы еўраў, як у Нямеччыне; чаму ў тры, а не ў пяць разоў будзе скароціцца колькасць чыноўнікаў; якім канкрэтна чынам будзе весціся барацьба з разбэшчанасцю.

Праграма “Два на аднаго” яшчэ глыбей скануе кандыдатаў на прэзідэнцтва – услед за выступамі ды дэбатам на дзяржаўным тэлебачанні. Скажам, напружанасць і твару, і паставы Міхалевіча можна патлумачыць урэшце тым, што ён увесь час мае думаць пра тое, каб у адказах непахісна трымацца сваёй “мадэрнізаванай” пазіцыі на гэтых выбарах. А Рымашэўскі яўна атрымлівае задавальненне ад кандыдацтва і публічных прамоваў. Аднак часам праз натуральнасць і лёгкасць гаворкі вытыркаецца жаданне кантраляваць не столькі змест таго, што ён кажа, а тое, як прамаўляе.

Зрэшты, у вас пасля прагляду праграмы могуць быць іншыя ўражанні.

Запіс кожнай з праграмаў можна таксама праглядзець на старонцы «Белсату» па адрасе: http://belsat.eu/be/archiwum_programow/g,162,dva-na-adnagho-azbuka-maladykh-pazmovy-z-kadydatami-na-prezidentstva.html

Глядзі таксама
Каментары