КДБ правярае каналы ўцечкі інфармацыі з атачэння Лукашэнкі


Падстава – з’яўленне ў інтэрнэце ксеракопіі пераліку пытанняў для абмеркавання на нарадзе, прысвечанай санкцыям Еўразвязу.

Як паведаміў намеснік начальніка цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Артур Стрэх, правяраюцца сапраўднасць дакумента і магчымыя каналы ўцечкі інфармацыі.

20 сакавіка ў інтэрнэце з’явілася ксеракопія пераліку пытанняў для абмеркавання на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Нібыта 15 сакавіка ў кіраўніка дзяржавы мела ісці гаворка аб бягучым стане дыялогу “Беларусь – ЕЗ”, планах Еўразвяза па ўзмацненні жорсткасці санкцыяў у дачыненні да Беларусі 23 сакавіка, аб ступені гатоўнасці магчымых адказных захадаў рэагавання. Да іх, мяркуючы па дакуменце, адносяцца захады дыпламатычнага ўздзеяння, у прыватнасці пытанне ўдзелу краіны ва Усходнім партнёрстве, агульныя гандлёва-эканамічныя захады, тэма транзіту, сумесныя дзеянні ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, кропкавыя эканамічныя абмежаванні ў дачыненні да канкрэтных замежных юрыдычных і фізічных асобаў.

У апублікаваным дакуменце паказаны блок пытанняў для абмеркавання з Расеяй на вышэйшым узроўні. Да іх адносяцца: паглыбленне палітычнага ўзаемадзеяння і забеспячэнне палітыка-дыпламатычнай падтрымкі: вынікі ўдзелу ў АЭП, Еўразійскі эканамічны саюз, перспектывы адзінай валюты; блок пытанняў абароннага і ваенна-тэхнічнага комплексу, падыходы па СРА, Паўночны маршрут дастаўкі грузаў для групоўкі ў Афганістане; ўзмацненне ўзаемнай прамысловай кааперацыі, тэма ўдзелу Расіі ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў; выкарыстанне расейскай інфраструктуры для транзіту беларускіх тавараў, тэма зніжэння тарыфаў на транспарціроўку чыгуначным транспартам у напрамку расійскіх партоў.

Яшчэ адно пытанне, якое нібыта абмяркоўвалася ў прэзідэнта 15 сакавіка, – далейшае развіццё стратэгічнага партнёрства з Кітаем і павелічэнне здзелак з юанем.

belsat.eu

Стужка навінаў